МІНСК, 5 вер — Sputnik. Галівудскі акцёр Генры Кавіл пацвердзіў удзел у тэлесерыяле "Вядзьмак" кампаніі Netflix — ён там выканае галоўную ролю.
Пра жаданне экранізаваць кніжную серыю "Вядзьмак" студыя заяўляла некалькі гадоў таму, аднак падрабязнасцяў новага праекту вядома не было. Нарэшце, вырашылася адна з галоўных інтрыг — стала вядома імя выканаўцы галоўнай ролі.
У сваім Instagram акцёр Генры Кавіл пакінуў пост-зварот да фанатаў: пажартаваў, што цяпер лісты можна адпраўляць на імя Геральта, у даліну Каэр Морхен. Таксама ён дадаў, што не варта чакаць хуткага адказу, бо ён змагаецца з монстрамі.
Выканаўчы прадзюсар серыяла "Вядзьмак" пацвердзіла паведамленне аб тым, што Кавіл стане галоўнай зоркай серыяла.
"Я так усхваляваная і вітаю Генры Кавіла ў сям'і Ведзьмака", — напісала Ларэн Хісрыч.
Адзначаецца, што Кавіл не раз заяўляў пра сваё жаданне сыграць знакамітага Геральта ў экранізацыі папулярнай фэнтэзі-сагі. Англічанін з'яўляецца прыхільнікам кніжнай серыі і заўзятым фанатам аднайменнай гульні. Магчыма, гэта і паўплывала на меркаванне прадзюсараў серыяла.
"Вядзьмак" — цыкл кніг пісьменніка Анджэя Сапкоўскага. Камп'ютарная гульня па матывах твора выйшла ў свет у 2007 годзе. Кампанія Netflix абвясціла запуск серыяла ў 2017 годзе. Некаторыя серыі здыме рэжысёр нашумелай сагі "Гульня тронаў" — Алік Сахараў.
Генры Кавіл — англійскі акцёр, які стаў вядомым дзякуючы ролі Супермэна ў такіх фільмах як: "Ліга справядлівасці" і "Бэтмен супраць Супермэна".