МІНСК, 7 вер — Sputnik. Факсімільнае выданне першага ў свеце "Буквара" прэзентавалі кіраўніку беларускага МЗС Уладзіміру Макею і прадстаўнікам дыпкорпуса ў Нацыянальнай бібліятэцы, перадае карэспандэнт Sputnik.
"Гэта асаблівы гонар і задавальненне святкаваць побач з вамі 400-годдзе беларускага буквара", — сказаў Макей.
Ён адзначыў, што пісьменнасць з'яўляецца неабходнай умовай развіцця кожнага чалавека паасобку і грамадства ў цэлым.
400 гадоў таму першы ў свеце буквар быў выдадзены ў беларускім Іўе. Але і сярод сучасных аўтараў ёсць тыя, чые кнігі Макей рэкамендаваў бы замежным калегам.
"Я б вылучыў Уладзіміра Арлова. Яго кнігі выдадзены на англійскай, нямецкай мовах. Мы перадавалі кнігу "Краiна Беларусь" нашым нямецкім партнёрам. Яны азнаёміліся з багатай гісторыяй Беларусі і былі здзіўлены, колькі можна сказаць аб гэтай краіне", — распавёў Макей.
Ён прызнаў, што ў Беларусі выдаецца нямала літаратуры, добрай і па напаўненні, і па выкананні. Дзякуючы, у тым ліку, фотаальбомам можна прэзентаваць краіну на сусветнай арэне.
У Нацыянальнай бібліятэцы можна наведаць выставу буквароў, дзе прадстаўлена каля 1500 кніг на 600 мовах свету.
"Выстава — гэта значная з'ява гэтага года, такія падзеі спрыяюць захаванню нашай духоўнай спадчыны. Хацеў бы выказаць падзяку ўсім, хто далучыўся да гэтых праектаў", — адзначыў Макей, маючы на ўвазе не толькі выставу, але і сам факт факсімільнага выдання першага "Буквара".
Ва ўсім свеце засталося ўсяго два асобнікі гэтага падручніка. Факсімільнае выданне змяшчае, у тым ліку, пераклад тэкстаў на беларускую мову. У тэксты ўключаны малітвы, запаведзі і выхаваўчыя тэксты, якія ў гады стварэння кнігі былі неабходнай часткай адукацыйнага працэсу.
Выпушчаны наклад бясплатна перададуць ва ўстановы культуры і адукацыі. Сярод іх і пасольствы, таму ў кіраўнікоў дыпмісій у Беларусі з'явіцца шанец даведацца пра нашу краіну з яшчэ аднаго боку.