МІНСК, 10 вер — Sputnik. Экс-першая ракетка свету Вікторыя Азаранка, якая вярнулася ў вялікі тэніс пасля родаў і няпростага сямейнага крызісу, істотна палепшыла свае пазіцыі ў рэйтынгу WTA (Сусветная тэнісная асацыяцыя).
У Адкрытым чэмпіянаце ЗША, які завяршыўся ў выхадныя, Азаранка дайшла да трэцяга круга асноўнай сеткі — яна пакінула ззаду прадстаўніц Славакіі Вікторыю Кужмаву і Аўстраліі Дар'ю Гаўрылаву. У выніку змагла перамясціцца ў рэйтынгу на 18 пазіцый і заняць 61 радок, маючы на рахунку 951 ачко.
У ліпені Азаранка прызнавалася журналістам, што не ставіць пад сумнеў сваё вяртанне на вяршыню сусветнага тэніса. Яна казала, што знаходзіцца ў добрай фізічнай форме і яе стан "лепш, чым калі-небудзь".
Пры гэтым іншыя прадстаўніцы Беларусі — Аляксандра Сасновіч і Арына Сабаленка — у рэйтынгу WTA знаходзяцца вышэй. Сасновіч пры гэтым таксама патроху паляпшаюе свае пазіцыі — яна перамясцілася з 33-й пазіцыі на 30-ю, маючы 1485 балаў.
Першая ракетка Беларусі Сабаленка з 2320 ачкамі ў сусветным рэйтынгу захавала за сабой 20-е месца.
Фінал Адкрытага Чэмпіянату ЗША 2018 года адзначыўся скандалам. Серэна Уільямс, якая прайграла выніковы паядынак, абразіла суддзю матча і атрымала штраф у памеры 17 тысяч долараў.
Пераможцай турніру стала Наомі Осака з Японіі. У рэйтынгу WTA японская спартсменка займае 7-е месца. Узначальвае рэйтынг румынка Сімона Халеп, на рахунку якой 8061 ачко.