МІНСК, 11 вер — Sputnik. Вечар памяці двух знакавых для беларускай культуры людзей прайшоў у Мінску. У вечар панядзелка сябры, калегі і проста неабыякавыя да беларускага мастацтва людзі ўспаміналі лідара гурта "Нейра Дзюбель" Аляксандра Кулінковіча і паэта і журналіста Алеся Ліпая.
"Аляксандр Кулінковіч. Алесь Ліпай. Два паэты. Два маі таварышы. Два чалавекі, якія так шмат далі Беларусі. Наша справа простая — памятаць і шанаваць. Ведаць і любіць. Гэта пытанне ўнутранай праўды, унутранай вартасці. Будзьце з намі ў думках і пачуццях", — напісаў арганізатар вечара Андрэй Курэйчык.
Вечар памяці прайшоў у адным са сталічных кінатэатраў. На экране дэманстравалі фрагменты работ Кулінковіча ў кіно. Сярод іх — фільм самога Курэйчыка "ГараШ", у якім музыкант сыграў адну з роляў. З беларускім кіно быў звязаны і Алесь Ліпай, які стаў прадзюсарам карціны "Party-zan Фільм".
Аляксандр Кулінковіч пайшоў з жыцця 4 жніўня, яму было 46 гадоў. Алеся Ліпая не стала 23 жніўня, ён памёр ва ўзросце 52 гадоў.