Новая дзіцячая азбука на беларускай мове рыхтуецца да выдання

Кніга спатрэбіцца дашкольнікам і ўсім, хто толькі пачынае вывучаць беларускую мову.
Sputnik

МІНСК, 12 вер — Sputnik. Мастак Ганна Шчуко рыхтуе да выдання дзіцячую азбуку "Свет літар пані Понюшкі" з маляванымі гісторыямі для кожнай літары беларускага алфавіту. Збор сродкаў ідзе праз краудфандынгавую кампанію.

Па задумцы аўтара, кнігу змогуць выкарыстоўваць дзеці дашкольнага ўзросту, а таксама ўсе, хто толькі пачынае вывучаць беларускую мову.

Так выглядае адна са старонак новай кнігі

"Гэта цудоўны падарунак любому маленькаму чытачу незалежна ад мовы гадавання", — падкрэсліла Ганна.

У пачатку кнігі будзе размяшчацца ўвесь беларускі алфавіт, а на малюнках маленькія чытачы змогуць пазнаёміцца з вясёлымі персанажамі. Кожны малюнак будзе аб'ядноўваць прадметы і персанажаў, якія пачынаюцца на пэўную літару.

Плануецца, што кніга будзе надрукаваная на шчыльнай крэйдавай паперы, у цвёрдай вокладцы з каляровымі ілюстрацыямі.