Беларуская царква супраць аўтакефаліі УПЦ

Умяшанне патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея ў беларускай царкве назвалі антыкананічным.
Sputnik

МІНСК, 13 вер - Sputnik. Беларуская праваслаўная царква выступіла супраць аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царквы і асудзіла ўмяшанне ў вырашэнне пытання Канстанцінопаля.

Генеральны сакратарыят Святога Сінода Канстанцінопальскага Патрыярхата 7 верасня прызначыў двух іерархаў у Кіеў. Дадзеныя дзеянні Канстанцінопаля ўжо асудзіў Святы Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы.

У сераду, 12 верасня, у сувязі з "антыкананічным умяшаннем" Канстанцінопаля ва ўнутраныя справы Рускай Праваслаўнай Царквы зварот апублікавала і Беларуская Праваслаўная царква.

Так, Сінод БПЦ пастанавіў "аднагалосна і аднадушна падтрымаць пазіцыю" патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла і Святога Сінода па прызначэнні іерархаў.

"Выказаць пратэст супраць дзеяння Канстанцінопальскага Патрыярхата, паколькі яно ўяўляе сабой агрэсіўнае ўмяшанне адной памеснай царквы ва ўнутраныя справы другой памеснай царквы, накіраванае на падрыў асноў міжправаслаўнага свету і адзінства", - гаворыцца ў звароце БПЦ.

Святы сінод заклікаў духавенства і паству Беларускага экзархата ўзносіць асабліва малітвы да Госпада "аб больш хуткім ацаленні і пераадоленні сітуацыі, якая склалася, аб настаўленні на розум і пакаянні тых, хто правакуе царкоўныя бязладнасці і расколы, а таксама аб дабрабыце Украінскай Праваслаўнай Царквы і зацвярджэнні міру на зямлі Украіны".

Таксама пастаноўлена выказаць падтрымку мітрапаліту Кіеўскаму і ўсяе Украіны Ануфрыю.

"Сведчыць аб непарыўным духоўным адзінстве праваслаўных хрысціян брацкіх народаў Беларусі, Расіі і Украіны, чад Рускай Праваслаўнай Царквы, якая ахоплівае сваім клопатам гістарычную Русь, духоўна народжаную ў Кіеўскай хрысцільнай купелі", - пазначана ў рашэнні.

У красавіку бягучага года прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка папрасіў канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея даць аўтакефалію (самастойнасць) праваслаўнай царкве ва Ўкраіне. Зварот тады падтрымалі чыноўнікі і непрызнаныя цэрквы, але не кананічная УПЦ на чале з мітрапалітам Ануфрыем. Канстантынопаль на дадзеную просьбу адгукнуўся. У сваю чаргу Маскоўскі патрыярхат заявіў, што разарве эўхарыстычныя зносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам у выпадку даравання ім аўтакефаліі Украінскай царкве.