МІНСК, 13 вер - Sputnik. Хакейны клуб "Дынама" завяршыў чатырохматчавую серыю паражэнняў у рэгулярным чэмпіянаце кантынентальнай хакейнай лігі (КХЛ), абыграўшы маскоўскі "Спартак".
Сустрэча прайшла ў беларускай сталіцы 12 верасня на "Мінск-арэне" і скончылася з лікам 3:1 (1:0, 0:1, 2:0).
У "зуброў" шайбы закінулі Яўген Кавыршын (6-я хвіліна), Куінтан Хаудэн (51-я) і Аляксандр Паўловіч (60-я). Таксама шайбу забіў Ілля Літвінаў (50-я хвіліна), але яна не была залічана.
У гасцей вызначыўся Максім Трунеў (33-я хвіліна).
"Шчаслівы, што нам удалося знайсці шлях да брамы суперніка. Гэтая перамога шмат значыць як для каманды, так і для заўзятараў", - заявіў па выніках гульні трэнер каманды Гордзі Дуайер.
Галоўны трэнер расійскай каманды Вадзім Епанчыцаў адзначыў, што беларусы атрымалі перамогу "за кошт жадання, самаахвярнасці".
У выніку мінскі клуб набраў першыя два ачкі і заняў апошняе (12-е) месца ў Заходняй канферэнцыі. "Спартак" з шасцю ачкамі пасля пяці гульняў размясціўся на шостай пазіцыі.
Нагадаем, што раней дынамаўцы прайгралі чатыры папярэднія матчы, саступіўшы "Ак Барсу" з лікам 0:2, "Тарпеда" (2:3), "Нафтахіміку" (1:2) і "Ёкерыту" (1:4).
У наступным матчы, які пройдзе 14 верасня ў Мінску, "Дынама" згуляе з "Сочы".