Лукашэнка звольніў першага намесніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі

Аляксандр Саламаха прапрацаваў у кіраўніцтве Белтэлерадыёкампаніі больш за 15 гадоў, пакуль невядома, дзе ён працягне працу.
Sputnik

МІНСК, 13 вер - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад пасады першага намесніка Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Пятровіча Саламаху, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўнік дзяржавы вызваліў Саламаху ад пасады першага намесніка старшыні галоўнага медыяхолдынга краіны ў сувязі з пераходам на іншую працу. Дзе ён працягне кар'еру, пакуль не вядома.

Саламаха прапрацаваў першым намеснікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі больш за 15 гадоў - ужо ў 2004-м годзе ён згадваўся ў кантэксце гэтай пасады. Дакладнай даты прызначэння Саламахі на пост, як і біяграфіі, нідзе не апублікавана, аднак у 2001 годзе ён фігураваў у дакументах як начальнік галоўнага ўпраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзідэнта.

Нягледзячы на доўгі стаж у кіраўніцтве медыяхолдынгам, кіраваў ён ім толькі некаторы час: пасля звальнення Ягора Рыбакова і да прызначэння на пасаду Уладзіміра Матвейчука. У цэлым жа Саламаха працаваў пры пяці старшынях Белтэлерадыёкампаніі.

У медыяхолдынгу працягвае працаваць дачка былога топ-менеджара БТ Вольга Саламаха - яна курыруе праекты Белтэлерадыёкампаніі і Еўрапейскага вяшчальнага саюза, у тым ліку "Еўрабачанне", а таксама займае пасаду намесніка кіраўніка галоўнай дырэкцыі "Беларусь 1".

Апошнія буйныя перастаноўкі ў кіраўніцтве Белтэлерадыёкампаніі адбыліся на пачатку гэтага года - тады на пасадзе старшыні медыяхолдынга Іван Эйсмант змяніў Генадзя Давыдзьку.