Пытанні развіцця адносін і супрацоўніцтва паміж крымскімі беларусамі і прадстаўнікамі іх гістарычнай радзімы абмеркавалі падчас тэлемосту Сімферопаль — Мінск на тэму "Беларусы Крыма: мінулае, сучаснасць, будучыня" ў МПЦ Sputnik Беларусь.
Па словах старшыні Рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Рэспублікі Крым "Беларусы Крыма" Рамана Чагрынца, у беларускай абшчыны паўвострава за апошні час адбылося вельмі шмат падзей. Адна з іх — выданне кнігі "Беларусы. Сусветная серыя".
"Гэта першая кніга, якая выдаецца на тэрыторыі ўжо расійскага Крыма. На маёй памяці, гэта наогул першая кніга пра беларусаў пасля развалу СССР: была толькі нейкая брашура ў 2000-м годзе. Для нас гэта вельмі шмат", — падкрэсліў ён.
Над стварэннем кнігі працавала вельмі шмат людзей, матэрыял для яе рыхтавалі каля 10 гадоў. "Гэта тая кніга, якую вельмі многія чакалі. Думаецца, яе цікава будзе пачытаць не толькі жыхарам Крыма, але і жыхарам Расіі і Беларусі", — распавёў адзін з аўтараў.
Паводле яго слоў, Беларусь і Крым вельмі многае яднае. "Гэта і Максім Багдановіч — абраз беларускай паэзіі, чалавек, які стварыў вобраз сучаснай паэтычнай культуры Беларусі, які апошнія гады жыцця правёў у нас у Крыме і памёр у Ялце. Шмат крымчан вызвалялі Беларусь, многія беларусы вызвалялі Крым. Вельмі шмат агульных поглядаў, мы вельмі хочам працаваць. Вельмі хочам, каб пра нас памятала і ведала наша малая гістарычная радзіма Беларусь ", — заявіў Чагрынец.
Ён звярнуў увагу на тое, што ў Ялце ў дадзены момант няма музея Максіма Багдановіча. "Гэта той боль, які нас трывожыць, і мы хацелі б, напэўна, разам з беларускім бокам па гэтым музеі працаваць. Я думаю, мы тут з органамі ўлады Крыма знойдзем магчымасць вылучыць памяшканне. Паўстае пытанне пра напаўненне экспазіцыі — гэта тое, чым можа дапамагчы беларускі бок. Гэты той праект, які можа зараз аб'яднаць нашы рэгіёны — Беларусь і Крым", — сказаў прадстаўнік беларускай абшчыны.
Кніга "Беларусы. Сусветная серыя" выдадзена на рускай мове. "Мы вырашылі прывесці ў ёй звесткі аб гістарычных асобах, там змешчаны біяграфіі і фатаграфіі нашых сучаснікаў. Акрамя таго, мы ў кнізе змясцілі раздзел, прысвечаны творчасці беларусаў Крыма. Мы напісалі пра тых беларускіх пісьменнікаў, якія пастаянна прыязджалі сюды, натхняючыся цудоўнай прыродай паўвострава", — растлумачыў ён.
Чагрынец упэўнены, што ў далейшым беларускай суполкай будуць рэалізаваны і іншыя праекты. "У нас ёсць і іншыя задумы, ідэі, якія мы будзем рэалізоўваць у будучыні. Мы б вельмі хацелі бачыць сваю беларускую газету тут у Крыме і сваю тэлевізійную рэдакцыю: гэта трэба, бо беларуская абшчына — чацвёртая па велічыні ў Крыме. У бліжэйшы час будзе рыхтавацца да выпуску кніга федэральнага ўзроўню "Беларусы ў Расіі", — распавёў ён.