МІНСК, 14 вер - Sputnik. Баявую ўзнагароду ордэн Аляксандра Неўскага, якім ў 1943 годзе быў узнагароджаны старэйшы лейтэнант Іван Віктарэнка, урачыста ўручылі яго пляменніку - расійскаму лётчыку-касманаўту Аляксандру Віктарэнку.
Ордэн Віктарэнку ва ўрачыстай абстаноўцы перадаў міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў.
Гэтая ўзнагарода больш за 70 гадоў праляжала ў зямлі, і была знойдзена пошукавікамі ў лесе ля вёскі Давыдовіч. Яны збіралі інфармацыю аб няўлічаных воінскіх пахаваннях у месцах баёў 1943 года ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці.
Па нумары было ўстаноўлена, што ордэн належыць камандзіру роты 69-га стралковага палка старэйшаму лейтэнанту Івану Віктарэнку. Прычым першапачаткова яго прадстаўлялі да ўзнагароджання ордэнам Чырвонай зоркі, але камандуючы 65-й арміяй асабіста на ўзнагародным лісце наклаў рэзалюцыю аб узнагароджанні ордэнам Аляксандра Неўскага, распавялі ў прэс-службе Міністэрства абароны Беларусі.
Як вынікае з узнагароднага лістка, да ордэна Віктарэнку прадставілі за паспяховае фарсіраванне ракі Днепр яго мінамётнай ротай. Пры гэтым дзякуючы дакладнаму кіраўніцтву ўсё падраздзяленне, матэрыяльная частка і боепрыпасы былі хутка і без страт перапраўленыя на правы бераг. І далей ужо на другім беразе камандзір роты здолеў арганізаваць умелае вядзенне агню па агнявых кропках суперніка, забяспечыўшы тым самым паспяховае прасоўванне пяхоты.
Да перамогі старэйшы лейтэнант Іван Віктарэнка не дажыў - ён загінуў праз месяц пасля ўзнагароджання падчас жорсткіх баёў пры вызваленні Беларусі. Яго ордэн праляжаў у зямлі 75 гадоў, падкрэслілі ў прэс-службе Мінабароны.