Міністэрства адукацыі прапрацоўвае пытанне ўвядзення ўнутраных экзаменаў пры паступленнi ў ВНУ па шэрагу спецыяльнасцяў. Пакуль рашэнне афіцыйна не прынята, аднак Sputnik папрасіў начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукацыі Сяргея Каспяровіча распавесці падрабязней аб тым, як будуць выглядаць выпрабаванні і для чаго яны патрэбныя.
Унутраныя экзамены ўжо ёсць
Як нагадаў Каспяровіч, ужо сёння пры паступленні на асобныя спецыяльнасці пры адборы абітурыентаў праводзяцца ўнутраныя выпрабаванні — напрыклад, на творчыя і сельскагаспадарчыя, а таксама пры паступленнi на скарочаную форму атрымання вышэйшай адукацыі пасля каледжаў.
"Цяпер мы з вамі гаворым у першую чаргу аб дадатковых унутраных выпрабаваннях, якія дазволяць больш аб'ектыўна ацаніць узровень падрыхтоўкі абітурыентаў для атрымання адукацыі па асобных спецыяльнасцях", — адзначыў Каспяровіч.
Так, цяпер прапрацоўваецца пытанне аб увядзенні ўнутраных экзаменаў для паступаючых на кіраўніцкія спецыяльнасці — у першую чаргу гэта тычыцца Акадэміі кіравання.
"Магчыма, гаворка пойдзе пра лінгвістычныя спецыяльнасці, калі дадаткова да ЦТ могуць быць уведзеныя ўнутраныя экзамены, дзе ў першую чаргу ацэньваюцца камунікатыўныя здольнасці, уменне гаварыць, прамаўляць, аўдзіраваць. Размову можна весці і аб "айцішных" спецыяльнасцях. Усё ж, акрамя ведаў па матэматыцы і фізіцы, якія абітурыенты паказваюць на ЦТ, трэба ацэньваць і ўзровень валодання інфармацыйнымі тэхналогіямі — так, у школе ёсць інфарматыка, можна праверыць уменне вырашаць пэўныя задачы. У рэшце рэшт, прадэманстраваць уменне працаваць з камп'ютарам", — растлумачыў начальнік упраўлення.
Па шэрагу спецыяльнасцяў, дзе неабходна больш даведацца пра абітурыента і "ўбачыць" яго, па словах Каспяровіча, тэсціраванне гэтага зрабіць пакуль не дазваляе.
ЦТ не адменяць
Адразу пасля абвяшчэння інфармацыі аб з'яўленні ўнутраных уступных выпрабаванняў шмат хто пачаў перажываць: ці не адменяць цэнтралізаванае тэсціраванне, ці не ўзрасце ўзровень карупцыі і "блатных"? Аднак Сяргей Каспяровіч супакойвае: ЦТ захаваецца.
"Механізм ЦТ захоўваецца як базавы — ён даказаў сваю эфектыўнасць з пункту гледжання адбору, ацэнкі, ды і эканомікі. Трэба разумець, што адбор абітурыентаў, праца камісій, падрыхтоўка заданняў — усё гэта выдаткі. Мне бачыцца, што для абітурыента псіхалагічна больш камфортна тэсціраванне — ты сядзіш, перад табой канкрэтныя заданні на паперы, а не строгія выкладчыкі, якіх ты можаш спалохацца, выключаецца неаб'ектыўнасць ацэнкі ведаў абітурыента", — адзначыў суразмоўца Sputnik.
Мяркуецца, што абітурыент, скажам, лінгвістычнага ўніверсітэта будзе па-ранейшаму здаваць тры ЦТ (дзяржаўная мова, гісторыя Беларусі і замежная мова), а ўнутраны экзамен стане дадатковым.
Калі ўвядуць ўнутраныя экзамены?
"Цяпер у краіне 51 ВНУ, ёсць шэраг дзяржорганаў, якія кіруюць універсітэтамі — не ўсе яны падпарадкаваны Міністэрству адукацыі. Нам трэба абмеркаваць пытанні з усімі зацікаўленымі", — растлумачыў ён.
Калі рашэнне аб увядзенні новых унутраных выпрабаванняў будзе прынята, то замацуюць яго ў новых правілах прыёму, якія зацвярджаюцца ўказам прэзідэнта.
"Праца над правіламі прыёму працягваецца, у рамках гэтай працы будзем ацэньваць, дзе і па якіх спецыяльнасцях мэтазгодна ўводзіць дадатковыя экзамены. Магчыма, гэта будзе у 2019 годзе, магчыма — крыху пазней. На працягу восені мы прапрацуем ўсе пытанні", — падкрэсліў начальнік упраўлення.
А калі расхваляваўся?
У гэтым годзе ўпершыню можна было выкарыстоўваць сертыфікаты па ЦТ мінулага года. Абітурыент мог ацаніць свае магчымасці і спакойна выбраць, якія вынікі лепш падыходзяць для паступлення. Безумоўна, калі ёсць выбар, то і хваляванняў менш.
"Мы практычна не бачым заўваг па ўнутраных іспытах у апошнія гады — і дзяржкамісія не агучвае, і ў зваротах грамадзян мы не бачым такога роду праблем. Гэта сістэма дазваляе забяспечыць і празрыстасць, і аб'ектыўнасць. Ствараюцца камісіі, да іх вельмі сур'ёзныя патрабаванні. Існуе магчымасць апеляцыі, калі абітурыент лічыць сваю ацэнку несправядлівай. Калі мы гаворым пра ўвядзенне ўнутраных дадатковых выпрабаванняў, нічога новага для сістэмы адукацыі ў гэтым няма", — адзначыў Каспяровіч.
Як і зараз, універсітэты загадзя будуць публікаваць інфармацыю для абітурыентаў — праграмы экзаменаў. Адказваючы на пытанне аб тым, як вырашаецца пытанне, калі ўчорашні школьнік перахваляваўся, Каспяровіч адзначыў: камісія заўсёды стараецца стварыць камфортныя ўмовы, пры неабходнасці — супакоіць.
"Магу сказаць з пункту гледжання свайго вопыту як выкладчыка — часцей за ўсё студэнты кажуць, што "перахваляваліся", калі ў іх няма ведаў. Чалавек на экзамене павінен паказваць веды тут і цяпер. Камісіі, асабліва на ўступных іспытах, добразычлівыя, імкнуцца супакоіць, глядзець аб'ектыўна, стварыць умовы для таго, каб чалавек сабраўся. Вопытны выкладчык у стане ацаніць веды чалавека, нават калі ён моцна хвалюецца і гаворка ў яго, што называецца, не пайшла", — упэўнены суразмоўца агенцтва.
Самі ж дадатковыя выпрабаванні, упэўнены прадстаўнік міністэрства, дадуць абітурыентам яшчэ адну магчымасць праявіць веды і здольнасці.