МІНСК, 15 вер — Sputnik. Сын камандантэ Чэ Гевары Эрнэста праехаў у калоне байкераў на адкрыцці фестывалю H.O.G. Rally Minsk 2018.
Калона стартавала ад Кургана Славы і накіравалася да Палаца Спорту. Для Эрнэста гэта першая ў жыцці мотапрагулка па Мінску, у беларускую сталіцу ён прыляцеў з Гаваны. Хоць у сына Чэ Гевары чатырнаццаць матацыклаў, з сабой ён іх не прывёз — занадта далёкі шлях. Матацыкл яму далі арганізатары фестывалю.
Ужо традыцыйна ўдзел у мотапарадзе прымае і сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар. Ён таксама вядомы сваім захапленнем матацыкламі.
Усяго ў калоне едзе каля 6 тысяч байкераў. Для гарантыі захавання правілаў бяспекі іх суправаджае эскорт ДАІ.
Сёння каля Палаца Спорту можна будзе разгледзець выставу матацыклаў, пагутарыць з байкерамі, а ўвечары пачуць выступ нямецкага гурта Bonfire і паглядзець святочны салют.