Гітарыст Rammstein запісаўся на мінскай студыі

Удзельнікі культавай каманды "Rammstein" наведалі Мінск з мэтай папрацаваць над стварэннем новага праекту, уся інфармацыя аб якім музыкамі трымаецца ў таямніцы.
Sputnik

МІНСК, 17 вер — Sputnik. Гітарыст гурта Rammstein Пауль Ландэрс пабываў у студыі Дома радыё ў Мінску, фота выклалі ў групу прыхільнікаў музыкі Rammstein у сацсетках.

"Удзельнікі культавай каманды "Rammstein" наведалі Мінск з мэтай папрацаваць над стварэннем новага праекту, уся інфармацыя аб якім музыкамі трымаецца ў таямніцы. Удзельнікі калектываў Белтэлерадыёкампаніі таксама не маюць права выдаваць падрабязнасці", — паведамілі ў Белтэлерадыёкампаніі.

Белтэлерадыёкампанія даўно супрацоўнічае з нямецкім імпрэсарыа і дырыжорам Вільгельмам Кайтэлем. Ён не ў першы раз выступае пасярэднікам у арганізацыі падобных праектаў.

Сумесна з аркестрам медыяхолдынга ён арганізаваў тур Disney in concert, музыкі выканалі шэраг кампазіцый з фільмаў вядомай кампаніі. Разам з Акадэмічным хорам Белтэлерадыёкампаніі ў сакавіку гэтага года Вільгельм Кайтэль вярнуўся з гастроляў Zimmer Tour па Швейцарыі, Аўстрыі і Германіі.

"І вось цяпер — новы сумесны праект з групай Rammstein, пра які музыканты ў хуткім часе абавязкова раскажуць самі. Аднак ужо сёння можна казаць аб тым, што вынік супрацоўніцтва будзе цікавым і здзівіць прыхільнікаў", — распавялі ў прэс-службе.

Адна з карыстальнікаў сацсеткі напісала, што нават убачыла Паўля двойчы за дзень недалёка ад плошчы Перамогі ў сталіцы. Расійскія прыхільнікі гурта здзівіліся, але беларусы патлумачылі гэта проста — па чутках, якія курсуюць па сродках масавай інфармацыі ў апошні час, родам музыка можа быць з Брэста, а пры нараджэнні ён нібыта атрымаў імя Іван Барбоцька.