Новыя платныя паркоўкі з'явяцца ў Мінску з 1 кастрычніка

Тарыф на новых паркоўках будзе дэмакратычным - рубель за гадзіну.
Sputnik

МІНСК, 18 вер — Sputnik. Новыя зоны платных парковак з'явяцца ў Мінску з 1 кастрычніка, паведамілі ў дзяржаўнай установе "Паркоўкі сталіцы".

Платнымі стануць некалькі парковак у цэнтры Мінска — раней на іх свае аўтамабілі можна было пакідаць без аплаты.

Так, па дадзеных "Парковак сталіцы", з 1 кастрычніка плаціць трэба будзе за стаянку на вуліцы Кірава (у абодва бакі ад вуліцы Свярдлова да вуліцы Леніна), на Свярдлова (абодва бакі ад Кірава да вуліцы Ульянаўскай), а таксама вуліцы Валадарскага (абодва бакі ад Кірава да праспекта Незалежнасці).

Платнай стане і паркоўка на вуліцы Хмяльніцкага — у абодва бакі ад вуліцы Якуба Коласа да Незалежнасці.

Тарыф на платных паркоўках застаецца досыць дэмакратычным — рубель за гадзіну.

На сёння ў Мінску налічваецца больш за чатыры дзясяткі зон платнай паркоўкі на 3,3 тысячы месцаў. У бліжэйшыя гады гарадскія ўлады хочуць абсталяваць каля 25 тысячаў платных месцаў для паркоўкі ў межах другога транспартнага кальца.