МІНСК, 19 вер — Sputnik. Конкурс на лепшага дворніка Мінска ў бліжэйшы час праводзіць не будуць, пра гэта Sputnik паведамілі ў адміністрацыі Цэнтральнага раёна беларускай сталіцы.
Упершыню конкурс "Лепшы дворнік Цэнтральнага раёна" быў праведзены ў 2017 годзе, тады ў ім падахвоціліся паўдзельнічаць больш за 40 работнікаў, а пераможцу ўзнагародзілі паездкай у Італію.
Як распавялі ў адміністрацыі Цэнтральнага раёна, у бліжэйшы час конкурс праводзіць не стануць: няма каму прафінансаваць галоўны прыз.
"Не будзем пакуль праводзіць. Праблема была такая: анансавалі вялікі прыз, паездку ў іншую краіну, але выйшла форс-мажорная акалічнасць. Нестыкоўка са спонсарамі: адмовілі ў галоўным прызе", — растлумачылі ў адміністрацыі.
Варыянт правядзення конкурсу з іншым заахвочваннем пераможцы таксама пакуль не разглядаецца. "Можа быць, яго адновяць крыху пазней альбо ў наступным сезоне", — падзяліліся суразмоўцы агенцтва.
На момант з'яўлення конкурсу кіраўніком Цэнтральнага раёна Мінска з'яўляўся Ігар Бузоўскі, які каля двух месяцаў таму быў прызначаны намеснікам міністра інфармацыі.