Новая ўзлётна-пасадачная паласа ў Нацыянальным аэрапорце: магчымасці і кошт

З адкрыццём другой паласы мінскі аэрапорт зможа прымаць абсалютна ўсе тыпы паветраных судоў.
Sputnik

МІНСК, 20 вер — Sputnik. Другая ўзлётна-пасадачная паласа ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск" гатова на 90% і ёсць усе падставы меркаваць, што яе адкрыццё адбудзецца ў запланаваны тэрмін.

Аэрапорт у Брэсце пасля рэканструкцыі будзе прымаць "цяжкавагавікі" Boeing

Будаваць другую паласу пачалі ў кастрычніку 2016 года і, у адпаведнасці з даручэннем прэзідэнта, павінны скончыць да 7 лістапада. Аднак прымаць самалёты яна зможа толькі у 2019 — пасля праходжання сертыфікацыі і выпрабавальных палётаў. Пры гэтым у прэс-службе аэрапорта пакуль не змаглі назваць выніковы кошт праекта.

"Выніковая сума па выдатках на будаўніцтва паласы будзе вядомая пасля завяршэння ўсіх работ. Але яна не перавысіць каштарысную", — цытуе прэс-службу аэрапорта газета "Рэспубліка".

Другая ўзлётна-пасадачная паласа будзе даўжэй за дзеючую на 60 метраў. Яе даўжыня складзе 3 700 метраў, шырыня — 60. Акрамя таго, паласа будзе мець комплекс самага сучаснага абсталявання.

Як запэўнілі прадстаўнікі аэрапорта, новая ўзлётна-пасадачная паласа у адрозненне ад дзеючай, якой патрэбна мадэрнізацыя, зможа прымаць усе тыпы паветраны судоў.

"Цяпер, каб прадухіліць з'яўленне разбурэнняў на пакрыцці дзеючай узлётна-пасадачнай паласы, дзейнічаюць абмежаванні на прыём вялікагрузных самалётаў, такіх як Boeing 747-8, Boeing 777-300ER, Airbus 321-200 да 1 самалёта ў суткі. Другая ж узлётна-пасадачная паласа прызначана для ўзлёту і пасадкі абсалютна ўсіх тыпаў паветраных судоў", — распавялі ў прэс-службе аэрапорта.

Дзеючая паласа эксплуатуецца 37 гадоў пры тэрміне эксплуатацыі ў 20 гадоў. Аднак зачыніць яе на рамонт без рэзервовай да гэтага часу было немагчыма. Увод у строй другой паласы дасць магчымасць мадэрнізаваць старую.