"Відзі" - БАТЭ: барысаўчане стартуюць у Лізе Еўропы

Барысаўчане, перад якімі стаяць вялікія задачы ў гэтым сезоне Лігі Еўропы, хочуць прывезці з Будапешта тры ачкі.
Sputnik

МІНСК, 20 вер — Sputnik. Барысаўскі футбольны клуб БАТЭ правядзе сёння першы матч групавога раўнда Лігі Еўропы УЕФА, паведамляе Sputnik.

Барысаўчане выступаюць у групе L разам з венгерскім "Відзі", грэчаскім ПАОКам і англійскім "Чэлсі".

Стартавы матч першага тура групавога раунда падапечныя Аляксея Багі правядуць сёння ў Будапешце супраць "Відзі". Стартавы свісток прагучыць у 19:55 (па мінскім часе).

"Жоўта-сінія" прыбылі ў сталіцу Венгрыі напярэдадні і засяліліся ў Verdi Grand Hotel.

Перад гульнёй паўабаронца БАТЭ Яўген Яблонскі распавёў, што настрой у каманды прыўзняты, каманда старанна падрыхтавалася да матчу.

Паводле яго слоў, "Відзі" — збалансаваная каманда, у кожнай лініі якой ёсць добрыя і вопытныя гульцы. "Венгерская каманда аднолькава паспяхова ўмее як абараняцца, так і атакаваць", — прыводзіць словы Яблонскага прэс-служба БАТЭ.

"У першай гульні хочацца дабіцца станоўчага выніку. Але так ужо зацыклівацца на выніку, напэўна, не варта. Бо пасля гэтага матчу, як бы ён ні завяршыўся, застанецца яшчэ пяць. І ўсё можа адбыцца", — сказаў ён.

Яблонскі дадаў, што перад барысаўскай камандай стаяць вялікія задачы, "таму патрэбна толькі перамога".