МІНСК, 23 вер — Sputnik. Сіноптыкі папярэдзілі беларусаў аб неспрыяльнай з'яве ў пачатку тыдня, адпаведная інфармацыя з'явілася на сайце Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Аранжавы — перадапошні — ўзровень небяспекі аб'яўлены ў Беларусі на 24 і 25 верасня. У пачатку працоўнага тыдня ў краіну прыйдзе па-сапраўднаму восеньскае надвор'е: сіноптыкі прагназуюць "складаныя" ўмовы надвор'я.
Як паведамілі ў Белгідраметцэнтры, у панядзелак ноччу і раніцай па Брэсцкай, а раніцай і днём па Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях пройдуць працяглыя моцныя дажджы.
У гэты дзень чакаецца таксама моцны вецер: ва ўсіх абласцях акрамя Віцебскай парывы будуць дасягаць 15-20 метраў у секунду, а днём месцамі — да 27 метраў у секунду або 100 кіламетраў у гадзіну. Ліўняў з парывістым ветрам чакаюць у гэты дзень і ў Мінску.
Таксама ветранае і дажджлівае надвор'е захаваецца на большай частцы рэспублікі і ў аўторак, 25 верасня.
Сіноптыкі і МНС папярэджваюць: беражыце сябе і улічвайце гэтую інфармацыю, па магчымасці — устрымайцеся ад неабавязковых паездак.