МІНСК, 25 вер — Sputnik. Расследаванне справы супраць журналіста Кірыла Вышынскага завяршылася, паведаміў у аўторак намеснік кіраўніка Службы бяспекі Украіны (СБУ) Віктар Кананенка.
Журналіста і кіраўніка партала РІА "Новости Украина" Вышынскага затрымалі ў Кіеве ў маі. Рэпарцёра абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе, а таксама падтрымцы самаабвешчаных ДНР і ЛНР. Пад арыштам Вышынскі, нягледзячы на праблемы са здароўем, знаходзіцца ўжо больш за 120 дзён — увесь гэты час працягвалася расследаванне справы.
"Матэрыялы рыхтуюцца для перадачы ў суд", — заявіў намеснік кіраўніка СБУ, яго словы прыводзіць агенцтва "Украінскія навіны".
Як адзначыў Кананенка, у ведамства ёсць пытанні да іншых фігурантаў справы. Намеснік кіраўніка СБУ паабяцаў, што фігурантам "абавязкова паведамяць пра падазрэнні", аднак не ўдакладніў, калі і каму менавіта.
Ужо ў сераду суд разгледзіць апеляцыю на падаўжэнне арышту Вышынскага.
Сітуацыя вакол арышту Вышынскага выклікала асуджэнне ў многіх журналісцкіх арганізацыях. Каментаваў справу і прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін — ён называў сітуацыю беспрэцэдэнтнай і падкрэсліваў, што затрымалі Вышынскага за выкананне журналісцкай працы.
Сур'ёзную заклапочанасць у сувязі з дзеяннямі ўкраінскіх уладаў выказваў і прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлем Дэзір, а таксама члены іншых міжнародных арганізацый.