МІНСК, 26 вер — Sputnik. Кніга "Мастацтва Беларусi ХХ стагоддзя. Парыжская школа" пра сусветна вядомых мастакоў-суайчыннікаў рыхтуецца да выдання ў Беларусі. Зараз ідзе краудфандынгавая кампанія па збору сродкаў.
Стваральнікі запэўнілі, што гэта будзе "хуліганскі" падручнік па гісторыі мастацтва, які падыйдзе для сямейнага карыстання. Чытачы змогуць адначасова гуляць і вывучаць гісторыю жыцця і творчасці знакамітых беларусаў.
У ліку беларускіх мастакоў Парыжскай школы — Марк Шагал, Хаім Суцін, Восіп Любіч, Восіп Цадкін, Сэм Царфiн, Міхаіл Кікоін, Пінхус Крэмень. На самых вядомых сусветных аукцыёнах іх карціны прадаюцца коштамі па некалькі мільёнаў долараў.
У кнізе будуць прадстаўлены не толькі карціны і ілюстрацыі, але і казкі, вершы, гульні і кароткія біяграфіі ўраджэнцаў Беларусі, якія сталі вядомымі ў Парыжы. Чытаць падручнік можна будзе ад першай да апошняй старонкі і наадварот. Таксама стваральнікі дазволілі чытачам маляваць у сваёй кнізе і нават насіць яе на галаве, каб "навучыцца хадзіць як каралі і каралевы".
Над выданнем працавалі зоркі сучаснага беларускага мастацтва — мастацтвазнаўца Сафія Садоўская, мастак Bazinato, арт-менеджары Ірына Лукашэнка і Вольга Мжэльская, мастак і пісьменнік Адам Глобус, музыка і паэт Лявон Вольскi, паэт Андрэй Хадановіч.