Ён вяртаецца: як калектыў Вялікага тэатра сустрэў Валянціна Елізар'ева

Новы мастацкі кіраўнік паабяцаў калектыву, што з творчасцю і мастацтвам у тэатры будзе ўсё ў парадку.
Sputnik

Гэтага вяртання сцены Вялікага тэатра чакалі амаль дзесяць гадоў — у 2009 годзе выбітны беларускі харэограф і народны артыст Беларусі Валянцін Елізар'еў сышоў з калектыву, адмовіўшыся ад прапановы стаць галоўным балетмайстарам. 27 верасня ён афіцыйна вярнуўся сюды на пасаду мастацкага кіраўніка.

У новым статусе на сцэну тэатра, куды ён упершыню трапіў у 26 гадоў па размеркаванні, Валянцін Елізар'еў падняўся ў суправаджэнні дырэктара Уладзіміра Грыдзюшкі і міністра культуры Юрыя Бондара.

"Напэўна, дзіўна для многіх, што я прызначаны мастацкім кіраўніком. Думаю, тут мае значэнне мой творчы вопыт: я не быў на прастоі гэтыя дзевяць гадоў і ставіў спектаклі ў многіх краінах свету", — звярнуўся да калектыву новы мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра.

Валентин Елизарьев на сцене Большого театра

Ён падкрэсліў сваю падзяку беларускаму прэзідэнту, які прызначыў яго на гэтую пасаду.

Перазагрузка Вялікага

Па словах міністра культуры, Елізар'еў сам прапанаваў свае паслугі Вялікаму тэатру.

"Валянцін Мікалаевіч увайшоў у гісторыю не тым, што быў самым маладым балетмайстарам Савецкага Саюза, а сваім непаўторным стылем, вобразамі, разнастайнасцю пластычных формаў і астатнім, што зрабіла наш балет вядомым ва ўсім свеце. Так атрымалася, што Валянцін Мікалаевіч адсутнічаў дзесяць гадоў, але, тым не менш, ён вяртаецца", — падкрэсліў Юрый Бондар.

Министр культуры поздравил Елизарьева с возвращением в Большой

Ён назваў вяртанне Елізар'ева гістарычнай падзеяй у жыцці галоўнага тэатра краіны і выказаў упэўненасць у тым, што мудрасць і вопыт харэографа дазволяць выбудаваць працу на новым якасным узроўні.

"Знакаваму рашэнню папярэднічала вялікая праца і шматлікія кансультацыі. Гучных праблем сёння ў тэатры няма. Ёсць штодзённая карпатлівая праца, новыя пастаноўкі, але ў той жа час існуюць пэўныя моманты, на якія мы звярнулі ўвагу і хацелі б удасканаліць", — дадаў міністр культуры.

З прыходам Елізар'ева тэатр чакае своеасаблівая перазагрузка: зменіцца структура кіравання творчай і адміністрацыйнай дзейнасцю тэатра.

"На мастацкага кіраўніка мы ўскладзем адказнасць за творчы ўзровень працы Вялікага, каардынацыю дзейнасці ўсіх структурных падраздзяленняў", — патлумачыў Бондар.

Валентин Елизарьев после поздравлений выступил перед коллективом театра

Канцэпцыю творчага развіцця тэатра на ўрачыстым сходзе было вырашана не абмяркоўваць. Гэтая тэма стане галоўнай на будучым пасяджэнні мастацкага савета тэатра пад кіраўніцтвам Елізар'ева.

З творчасцю ўсё будзе ў парадку

Новага мастацкага кіраўніка па традыцыі сустракалі кветкамі. Першы букет — ад міністра культуры. Быў сярод ўрачыстых віншаванняў і шыкоўны букет чырвоных ружаў, які, па словах гендырэктара тэатра Уладзіміра Грыдзюшкі, прывёз кіроўца з просьбай "не называць прозвішча адпраўшчыка".

Букет от неизвестного поклонника творчества Елизарьева

Дарэчы, не засталося без адказу і пытанне, якое сёння хвалюе многіх: генеральны дырэктар Вялікага тэатра Уладзімір Грыдзюшка будзе "займацца рашэннем сацыяльных пытанняў працоўнага калектыву, адміністрацыйнай і фінансавай дзейнасцю і маркетынгам".

Директор Большого Владимир Гридюшко

Ён, у сваю чаргу, распавёў, што дамовіўся працаваць з Валянцінам Елізар'евым разам, на аснове ўзаемапавагі, прыязнасці і паразумення.

"Іншага не дадзена. За намі тэатр, і трэба зрабіць усё, каб гледачы прыходзілі сюды і атрымлівалі задавальненне", — падкрэсліў Грыдзюшка.

Коллектив Большого театра

У спісе будучых спраў Валянціна Елізар'ева — больш блізкае знаёмства з рэпертуарам тэатра і размова з калектывам у больш камернай абстаноўцы. А пакуль ён паабяцаў калегам і падначаленым, што з мастацтвам і творчасцю ў тэатры ўсё будзе ў парадку.