МІНСК, 28 вер — Sputnik. Тэмпература паветра ўначы напрыканцы бягучага тыдня ў Беларусі можа апусціцца да —4°С, месцамі магчымы мокры снег, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Паводле інфармацыі сіноптыкаў, у бліжэйшыя два дні надвор'е ў краіне будуць вызначаць паветраныя масы з Заходняй Еўропы і Балтыкі.
Так, у пятніцу, 28 верасня, магчымы кароткачасовыя дажджы з парывістым ветрам, але ўдзень будзе дастаткова цёпла: на большай частцы тэрыторыі краіны — да + 18°С, а на поўдні Гомельскай і Брэсцкай абласцей — да + 20°С.
У суботу, 29 верасня, ападкі прагназуюцца па ўсходзе краіны, месцамі нават магчымы мокры снег, уначы тэмпература паветра апусціцца да +1.. + 8°С, а пры праясненнях на паўночным усходзе — да —2°С, удзень — ад 7 да + 13°С.
У апошні дзень тыдня сіноптыкі абяцаюць сухое надвор'е, уначы паўсюдна замаразкі ад 0 да —4°С, удзень паветра прагрэецца да +8.. + 15°С.