МІНСК, 28 вер — Sputnik. Міжнародная алімпіяда курсантаў пройдзе ў наступным годзе ў чатырох краінах, паведаміў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення кадраў Мінабароны РФ генерал-палкоўнік Віктар Гарамыкін.
Алімпіяда стане ўжо пятай па ліку, этапы прымуць Арменія, Беларусь, Казахстан і Расія. Інтэлектуальнае спаборніцтва разгорнецца ў будучым годзе.
"Алімпіяда па ваеннай гісторыі пройдзе ў Беларусі, па матэматыцы — у Казахстане, інфарматыка і ваенна-прафесійная падрыхтоўка — у Расіі і замежная мова ў Арменіі", — распавёў Гарамыкін.
Паводле яго слоў, яшчэ праз год да алімпіяды можа далучыцца Узбекістан.
Алімпіяда праходзіць у чатыры этапы — спачатку адбіраюцца лепшыя з факультэтаў, якія спаборнічаюць унутры ВНУ. Затым праходзіць міжвузаўскі этап, а ў фінале вызначаюцца самыя моцныя. У гэтым годзе курсант беларускай Ваеннай акадэміі Канстанцін Казлоўскі стаў лепшым у ваеннай гісторыі. Беларусы таксама занялі другое месца ў камандным заліку.