Кошт - да 12 рублёў. Пачаўся продаж квіткоў на дзіцячае "Еўрабачанне 2018"

Квіткі прадаюцца як на сам фінал маштабнага конкурсу, так і на яго генеральную рэпетыцыю.
Sputnik

МІНСК, 3 кас — Sputnik. Стартаваў продаж квіткоў на дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2018", паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Рымбаева пра "Еўрабачанне": з юнымі артыстамі трэба правільна працаваць

Дзіцячае "Еўрабачанне-2018" пройдзе ў Мінску 25 лістапада. Квіткі на шоу паступілі ў продаж ужо 2 кастрычніка.

"Квіткі будуць рэалізоўвацца як на сам фінал конкурсу 25 лістапада, так і на генеральную рэпетыцыю 24 лістапада", — распавялі арганізатары конкурсу.

Купіць квіткі можна не толькі ў касах, але і анлайн — на самых папулярных сэрвісах. Таксама набыць квіткі можна праз дадатак і на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі. Таксама даступныя яны і ў сотні кас па ўсёй краіне.

"Генеральная рэпетыцыя пройдзе ў рэжыме "лайв" у фармаце гала-канцэрта, аналагічнага галоўнаму шоу. Менавіта падчас гэтай рэпетыцыі журы ацэньвае канкурсантаў, а атрыманыя вынікі будуць абвешчаныя ў прамым эфіры падчас фіналу", — дадалі ў медыяхолдынгу.

Кошт квіткоў на дзіцячае "Еўрабачанне-2018" — дэмакратычны: паглядзець генеральную рэпетыцыю можна за суму ад шасці да дзевяці рублёў, фінал — ад дзевяці да 12 рублёў.

Дзіцячае "Еўрабачанне-2018" ужо да правядзення паставіла рэкорд: у шоу будзе ўдзельнічаць небывалая колькасць юных артыстаў — прадстаўнікі двух дзясяткаў краін. Вызначаць лепшага будуць як члены прафесійнага журы, так і тэлегледачы.

Беларусь прымае дзіцячае "Еўрабачанне" ў другі раз. Першы конкурс, праведзены рэспублікай у 2010 годзе, быў высока ацэнены як фанатамі шоу, так і Еўрапейскім вяшчальным саюзам.