МІНСК, 4 кас – Sputnik. Першае Міжнароднае свята паэзіі "О, Навагрудскі край – мой родны дом…", прымеркаванае да 220-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча пройдзе 5 кастрычніка ў Навагрудку, пра гэта паведамляецца на сайце навагрудскага райвыканкама.
На працягу двух дзён у Навагрудку пройдуць навукова-практычныя канферэнцыі, майстар-класы, канцэрты, будзе працаваць кірмаш.
Пятага кастрычніка пасля ўскладання кветак да помніка паэта адбудзецца канферэнцыя "Адам Міцкевіч – талент, непадуладны часу", у якой возьмуць удзел вядучыя гісторыкі, філолагі, культуролагі і іншыя спецыялісты. Пасля заканчэння мерапрыемства пройдзе ўрачыстае адкрыццё новага дзіцячага садка, а таксама пасадка алеі памяці Адама Міцкевіча.
Шостага кастрычніка, у суботу, гасцей свята чакае насычаная канцэртная праграма, а таксама пясочнае шоу па матывах паэмы Міцкевіча "Пан Тадэвуш". У касцёле святога Міхаіла можна будзе паслухаць арганную музыку, а ўвечары наведаць оpen-air "Прысвячэнне Песняру".
Увесь дзень, з 10 да 21 гадзіны будзе працаваць горад майстроў і кірмаш-продаж.
У доме-музеі Адама Міцкевіча ў гэты дзень зладзяць экскурсіі, літаратурную гасцёўню і кінапаказ, а ў Навагрудскім гісторыка-краязнаўчым музеі абяцаюць цікавае падарожжа з гістарычнымі асобамі і філатэлістычную выставу.
Таксама гасцей свята чакаюць выступы рыцарскіх клубаў, катанне на конях, вогненнае шоу і тэатралізаванае прадстаўленне. Больш падрабязна з праграмай свята можна азнаёміцца на сайце Навагрудскага райвыканкама.