Дзе беларусы шукаюць здароўе і каханне і як у гэтым дапамагаюць камяні і вада

Жыхары сучасных гарадоў і вёсак ходзяць з ахвяраваннямі да дрэў, крыніц і валуноў і просяць збавіць ад слепаты, падарыць добрага мужа і палегчыць роды.
Sputnik
Міні-экскурсію па самых шанаваных месцах Мінска і ваколіц карэспандэнту Sputnik Алесі Шаршнёвай правёў гісторык Зміцер Скварчэўскі.
Відэа
Музей валуноў: экскурсія па Беларусі ў мініяцюры

Каля стадыёна Дынама палілі вантробы

Самае знакамітае сталічнае месца пакланення, зафіксаванае ў пісьмовых крыніцах яшчэ напрыканцы XIX — пачатку XX стагоддзяў – Мінскае капішча. Раней тут знаходзіліся вялізны дуб, валун Дзед і вогненны ахвярнік, дзе палілі ахвяраванні, у тым ліку косткі і вантробы жывёл.
Напрыканцы XIX стагоддзя дуб спілавалі ў межах барацьбы з перажыткамі язычніцтва, а праз некаторы час камень перанеслі ў музей валуноў, дзе ён зараз і знаходзіцца.
Цікава, але ёсць у знакамітага дрэва свае "паслядоўнікі". Ходзяць чуткі, што дуб, які зараз расце непадалёк ад студэнцкага гарадка БДУ — з той жа дубравы. Мінчане далі яму імя Волат Волатавіч і цяпер прыходзяць з ахвяраваннямі на гэтае месца.

Мужа можна папрасіць у камня

Камень Дзед з Мінскага капішча зараз знаходзіцца ў Музеі валуноў. Па словах Зміцера, гэты камень і зімой, і летам застаецца месцам паломніцтва. Да яго пралягае некалькі сцежак, а навокал заўсёды можна знайсці сучасныя ахвяраванні – манеты, цукеркі, яблыкі і кветкі.
Часцей за ўсё да Дзеда звярталіся сямейныя пары і маладыя дзяўчаты. Першыя прасілі дапамагчы зачаць дзіця і з гэтай мэтай нават не грэбавалі пасядзець на валуне, другія – знайсці добрага мужа.
Сталічны Музей валуноў, які ствараўся з навуковымі мэтамі, увогуле багаты на чароўныя камяні. Раней тут знаходзіўся Даўгінаўскі ідал – каменны крыж з жаночай фігурай, на якой была выбіта выява немаўляці. Мясцовыя п’яніцы шмат разоў выварочвалі яго з зямлі і спрабавалі разбіць, таму яго перанеслі ў фае Навукова-практычнага цэнтра па геалогіі, што знаходзіцца непадалёк. Нягледзячы на адміністратыўную прапіску крыжа, людзі ўсё роўна ходзяць да яго пакланіцца ды памаліцца. Пажаданні ўсё тыя ж – здароўе, шчасце і каханне.

Святая крыніца на месцы зніклага горада

Яшчэ беларусы пакланяліся і пакланяюцца крыніцам. Адна з самых папулярных знаходзіцца каля вёскі Гарадзішча – у мяркуемым месцы першапачатковага Мінска. Тут пад самым замчышчам з-пад валоў б’е крыніца, куды па ваду прыязджаюць не толькі мясцовыя, але і сталічныя жыхары.
"У раннім сярэднявеччы частка гарадзішча, так званае "Малое Гарадзішча", магла выконваць функцыі свяцілішча, бо знаходзіцца на сутоцы Менкі і Дуная. Такія месцы і непасрэдна рэкі заўсёды ўспрымаліся як канал для перадачы інфармацыі ў іншы свет – нябесны ці пад’земны", — тлумачыць Зміцер.
Таксама шанаваная мінчанамі крыніца знахозіцца ў вёсцы Вітаўка Дзяржынскага раёна. Легенда расказвае пра мудрага і смелага баярына Віта, які напрыканцы жыцця саграшыў, за што яго двор праваліўся пад зямлю, а на гэтым месцы з’явілася крыніца. Па легендзе, нават зараз у балоце можна знайсці рэшткі Вітавага муру. У вобразе легендарнага Віта, па ўсёй верагоднасці, прадстаўлены вялікі князь Вітаўт, пра якога захавалася шмат успамінаў у беларускім фальклоры.
Першыя пісьмовыя згадкі аб крыніцы адносяцца да XVIII стагоддзя. Атрымліваецца, што людзі ходзяць сюды як мінімум тры стагоддзі. Раней тут стаяла царква, разбураная ў савецкія гады, зараз – царкоўны вагон, купальня і нават паркоўка для наведвальнікаў.
Наступная крыніца знаходзіцца ў Ракаве. Дагэтуль тут была Крыжаўзвіжанская царква, разбураная ў 1960-х гадах. Месца, якое аднолькава ўшаноўваюць і каталікі, і праваслаўныя, прымае людзей і ў нашы дні.

Жывёлам – здароўя, людзям — кахання

Асобныя прадметы пакланення на Беларусі – гэта Волас-камяні.  Іх назва паходзіць ад імя язычніцкага бога Вялеса, адной з функцый якога была ахова хатняй жывёлы. Акрамя таго, ён адказваў за ўрадлівасць і матэрыяльныя багацці.
Самы блізкі да Мінска і самы вядомы ў народзе камень знаходзіцца непадалёк ад вёскі Крыжоўка Мінскага раёна. Чаму на ролю боства абралі менавіта яго, дагэтуль не зусім зразумела.  Першая інфармацыя аб ім з’явілася напрыканцы 80-х гадоў XX стагоддзя – нашы продкі прыводзілі сюды на лячэнне хатнюю жывёлу. Таму раней на дрэвах вакол валуна можна было натрапіць на чарапы кароў і быкоў, а таксама рушнікі.  Часам і зараз здараюцца такія знаходкі.
Прыкладна ў 2010 годзе адбылося своеасаблівае адраджэнне традыцыі, і людзі пачалі прыходзіць сюды зноўку.
"Гэтае месца ўшанавання можна назваць сучасным язычніцкім. З ім не звязана ніякіх хрысціянскіх легендаў, але да яго таксама прыходзяць людзі, пакідаюць ахвяраванні, упрыгожваюць дрэвы рушнікамі і стужкамі. Не так даўно я прывозіў туды піцерскіх калег, і мы натрапілі на ўпрыгажэнне з бісеру, абвязанае вакол дрэва", — дадаў Зміцер Скварчэўскі.
Дарэчы, непадалёк ад Крыжоўкі ёсць "Камень кахання" – сапраўдная таямніца, бо звестак аб яго паходжанні няма ні ў мясцовых жыхароў, ні ў літаратуры. Вядома толькі, што 150 тысяч гадоў таму яго сюды прынёс ледавік. Да каменя прыходзяць не толькі шукальнікі бясконцага кахання, але пары, якія хочуць зачаць дзіця і палегчыць роды.

Дзе гулялі тры Багародзіцы?

Асаблівае месца паломніцтва – вёска Гудавічы Чэрвеньскага раёна. Тут знаходзіцца пагорак Святая Горка, акружаны ровам. Раней тут было сярэднявечнае язычніцкае капішча, зараз – сучасныя могілкі. Мясцовыя жыхары ўспамінаюць, што яно з’явілася ў 50-я гады XX стагоддзя. Ёсць меркаванне, што такім чынам партыйныя актывісты хацелі спыніць шанаванне святыні.
Тым не менш, на гэтым месцы захаваўся фрагмент каменнага ахвярніка, вада з якога, згодна з павер’ямі, дапамагае лячыць хваробы вачэй. Ходзяць чуткі, што хтосьці з мясцовых жыхароў паспрабаваў частку каменя выкарыстаць у фундаменце дома, але ў хуткім часе пасля гэтага ў вёсцы адбыўся пажар, а сам будаўнік і яго родныя памерлі. Згадваюць, што перад тым, як камень быў разбіты, кожную ноч каля яго сама загаралася лампадка.
Побач з фрагментам ахвярніка таксама можна ўбачыць архаічны каменны крыж, які можа быць старым пераробленным каменным ідалам. Тым больш што ў гэтай жа мясцовасці гісторыкі запісалі паданне пра ідала пад назвай "Цар Давыд", які быў знішчаны ў ХХ стагоддзі.
Назву Святая Горка можна растлумачыць з дапамогай падання, якое запісаў гісторык Аляксандр Ельскі. Людзі верылі, што праз гэты ўзгорак аднойчы крочылі тры Багародзіцы. Адна павярнула на Дудзічы, другая на Навасёлкі, а трэцяя, перад тым як пайсці на Ляды, адпачывала на большым камені і пакінула там след ад сваёй ступні. З таго часу людзі кладуць на гэтае месца кветкі і ставяць вакол яго крыжы.
Пералічаныя аб’екты – толькі невялікая частка шанаваных прыродных мясцін, якія існуюць у Мінску і яго ваколіцах. Паводле звестак навуковай літаратуры, тут знаходзіцца не менш за 120 культавых і сакральных камянёў, не менш за 45 пагоркаў і каля 30 шанаваных дрэў. Такім чынам, нягледзячы на стагоддзі хрысціянізацыі, развіццё адукацыі, глабалізацыю і іншыя наступствы сучаснага свету, старажытныя практыкі існуюць і развіваюцца і па сённяшні дзень.