МІНСК, 9 кас - Sputnik. Раздзел з пераагучанымі па-беларуску апошнімі кінанавінкамі можа з’явіцца на папулярным відэасэрвісе MEGOGO, паведамілі аўтары праекта - мінская студыя агучкі Gavarun_by. Зараз ідзе краудфандынгавая кампанія па збору сродкаў на рэалізацыю ідэі.
Сутнасць праекта заключаецца ў тым, што кожны месяц на беларускай мове будуць выходзіць два новыя фільмы або мультфільмы. Калі праект будзе паспяховым, колькасць стужак павялічыцца да чатырох за месяц.
Сваё супрацоўніцтва менавіта з гэтым відэасэрвісам беларусы патлумачылі тым, што гэта ці не адзіная пляцоўка, згодная зараз развіваць беларускамоўныя лакалізацыі.
Фільмы для агучкі будуць абірацца з даступнага каталогу. Аўтары падкрэсліваюць, што скіраваныя ў першую чаргу на папулярныя фільмы, але не будуць абмінаць увагай і класіку кіно. Для выбару фільмаў таксама запланавана правядзенне галасавання на старонках у сацыяльных сетках. Пілотнымі фільмамі стануць "Нябачны госць" і "Мэраўбоўн".