Відэа

Афанасьева: Пуціну ў Магілёве паказала б тэатр драмы і стаўку Мікалая II

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Іна Афанасьева ўзгадала пра памятныя месцы роднага Магілёва, якія паказала б прэзідэнтам Расіі і Беларусі, распавяла пра сваё знаёмства з Пятром Машэравым і пра падрыхтоўку да вялікага канцэрта ў гонар двайнога юбілею.
Sputnik

Магілёў на тры дні стаў цэнтрам міжнароднага і палітычнага жыцця - у горад на юбілейны, пяты па ліку Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі з'язджаюцца шматлікія высокія госці, сярод якіх - прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.

Вядомая спявачка, заслужаная артыстка краіны і карэнная магіляўчанка Іна Афанасьева ў гутарцы на радыё Sputnik Беларусь прапанавала статусным гасцям свой маршрут па родным горадзе.

Бар "Ветрык" і заасад: магілёўцы распавялі, што паказалі б Пуціну

"Калі казаць пра гістарычныя рэчы, то гэта, у першую чаргу, Магілёўскі тэатр драмы, дзе ў свой час была стаўка Мікалая II. Сам будынак вельмі стары, адрэстаўраваны, вядома, але ён "з таго стагоддзя". У Магілёве ёсць і вельмі цікавы стары касцёл, які, на жаль, схаваны ад вачэй пабудовамі. Калісьці там знаходзіўся адзін з найстарэйшых арганаў Еўропы, у часы вайны яго разабралі на нейкія дэталі, але я ведаю, што яго зноў аднавілі. І вядома, там ёсць старыя цэрквы - кожная са сваёй гісторыяй", - распавяла Афанасьева.

Да прыезду прэзідэнтаў дзвюх краін у Магілёве рыхтуецца маштабная канцэртная праграма, у якой прыме ўдзел і госця радыё Sputnik Беларусь, хоць выступаць перад лідарамі дзяржаў спявачка пачала яшчэ з дзяцінства. Менавіта так і адбылося знаёмства Іны Афанасьевай з Пятром Мірановічам Машэравым.

"Паколькі я жыла ў Магілёве і з дзяцінства спявала, то калі праходзілі разнастайныя ўрадавыя канцэрты, сустрэчы і з'езды, то, натуральна, рыхтавалася канцэртная праграма, у якой я прымала ўдзел як салістка. І ў адзін з такіх прыездаў Пятра Міронавіча на канцэрце я спявала сольную песню. Была тады ў класе 5-м ці 6-м. Пасля канцэрта за кулісы прыйшлі шмат дарослых дзядзькоў у касцюмах, вакол аднаго ўсё вельмі бегалі, але ён не быў важным, ён здаўся мне вельмі добрым. Ён папрасіў паказаць яму "дзяўчынку, якая спявала", узяў мяне на рукі і назваў "будучым беларускай эстрады". Ён тады даў указанне, каб мяне забралі ў Мінск у кансерваторыю, але мама пабаялася мяне адпускаць", - распавяла Афанасьева.

Любімая беларускай публікай спявачка пабывала ў гасцях на радыё Sputnik Беларусь напярэдадні знакавай падзеі. 2 лістапада ў Палацы Рэспублікі ў Мінску пройдзе вялікі сольны канцэрт артысткі ў гонар адразу двух юбілеяў - асабістага і юбілею творчай дзейнасці.

Падрабязнасці пра канцэрт вы даведаецеся ў поўнай версіі гутаркі з заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Інай Афанасьевай ў відэатрансляцыі.