Пастаноўка "Паляванне на сябе" — праект інтэрнацыянальны. Украінскі рэжысёр Стас Жыркоў разам з камандай Тэатра беларускай драматургіі прадставіў сваё бачанне п'есы рускага драматурга Аляксандра Вампілава.
Дадайце сюды вядомую ў сталічнай тэатральнай тусоўцы мастачку Алену Ігрушу, якая рабіла касцюмы да многіх беларускіх спектакляў і фільмаў, і ўкраінскага музыканта і прадзюсара Андрэя Ругару, і атрымаецца незвычайны кактэйль з асацыяцый і пачуццяў. Адназначна сказаць пра тое, якія эмоцыі ўдасца атрымаць на выхадзе, цяжка.
Зілаў з "Новай Баравой"
Сюжэт вампілаўскай "Утиной охоты" практычна не зведаў ніякіх змен. Гэта ўсё той жа дзень з жыцця Віктара Зілава, разведзены рэмінісцэнцыямі ў мінулае і ўяўную будучыню героя. Прычым усе яны так пераплецены, што часам досыць цяжка разабрацца — што і калі.
У выпадку з "Паляваннем на сябе" гэта не падстава зацыклівацца на спробах прадрацца праз нетры свядомасці Зілава. Наадварот, выдатная магчымасць расслабіцца, уключыць на поўную органы пачуццяў і ўспрымаць паток асацыяцый кожнай клеткай. Дапамогуць тэкст, дэкарацыі, музыка і святло. Апошнія два складнікі наогул маюць ролю недакучлівых правадыроў у свет "не камедыі" Стаса Жыркова — расстаўляюць акцэнты, падбадзёрваюць або супакойваюць, аддзяляюць думкі адну ад адной кропкамі ці нават клічнікамі.
Беларускі Зілаў вельмі рэалістычны, але ад гэтага не менш смешны. Ён працуе ў кампаніі з сур'ёзнымі праектамі і багаццем літар у абрэвіятурнай назве, атрымаў жаданыя 100 квадратаў у "Новай Баравой" і перыядычна праводзіць вечары ў "Сябрах". Кватэрнае пытанне наогул робіць савецкага героя родным і блізкім многім. Што рабіць — суровая беларуская рэальнасць.
Ёсць у гэтай пацешнай на першы погляд гісторыі нешта сумнае, агрэсіўнае і нават палохаючае. Забіяцкі смех лёгка пераходзіць у істэрычны, а жартаўлівы штуршок па карку — у спробу публічнага згвалтавання. І паступова радасці становіцца ўсё менш, а горычы — усё больш. Галоўны герой нагадвае муху, якая ў спробах вырвацца з ліпкага павуціння ўласных праблем тоне ў ім.
Пра пачуцці па-беларуску
Асобная ўвага, як і ў многіх тэатральных прэм'ерах апошняга часу, — беларускай мове. Сучасныя тэатры выкарыстоўваюць яе як асобны — жывы і цалкам самастойны — элемент спектакля. Новая тэндэнцыя і глядацкая рэакцыя на яе не можа не радаваць. Нават калі ты не выкладчык беларускай мовы і літаратуры, а чалавек, які назірае за развіццём падзей з боку.
Стаўка на айчыннае не можа прывесці да пройгрышу, і "Паляванне на сябе" — яшчэ адно таму пацвярджэнне. Героі ў некаторай ступені паліглоты: гавораць на рускай, беларускай і нават любімай "трасянцы". Што цікава, у самыя сур'ёзныя моманты, калі гаворка ідзе пра пачуцці і, як бы гучна гэта ні гучала, душы, у ход ідзе менавіта мова беларуская. Пераклад Марыі Пушкінай, як заўсёды, выглядае арганічна.
Вершы Стася Карпава "Крапае. Халодна." і "Новую зіму мне не перажыць" сціраюць межы ў гэтай гісторыі і робяць яе абсалютна дарэчнай. Як украінскаму рэжысёру ўдалося стварыць прадукт настолькі беларускі, застаецца загадкай. Адзіным верным адказам на яе здаецца дапушчэнне аб тым, што талент межаў не мае.
Нясмешная "не камедыя"
"Ало, я ў ціатры", — гучыць на пачатку спектакля, а пасля раздаецца стрэл, які суправаджаецца гучным смехам у зале. Гледачоў не проста папярэдзілі пра тое, што мабільныя тэлефоны варта адключыць, але і скіравалі на патрэбны настрой. Смяяцца дазваляецца, даражэнькія.
Стваральнікі спектакля "Паляванне на сябе" выразна пазначылі межы і аднеслі прадстаўленую пастаноўку да жанру "не камедыі", хоць рогат у тэатральных сценах падчас прэм'еры і кажа пра адваротнае.
Жарты сапраўды ёмістыя і зразумелыя, але не пакідае адчуванне таго, што смех гэты будзе гучаць скрозь слёзы.
Пры чым тут паляванне на сябе? Кожны разбярэцца сам. Сэнсаў хапае як унутры, так і на паверхні. Акцёры Тэатра драматургіі блытаюць і адначасова дапамагаюць разабрацца. Яркія і фактурныя персанажы ў выкананні Максіма Брагінца, Людмілы Сідаркевіч, Арцёма Курэня, Ганны Семяняка і Сяргея Шымко выглядаюць трохі вар'ятамі і таму ўразаюцца ў памяць. Шыкоўная пластыка, выдатныя вакальныя дадзеныя і выразная міміка прыкоўваюць погляды.
Часам яны сваёй прысутнасцю парушаюць цішыню глядацкай залы і вырываюць тэатралаў з зоны камфорту — уражанні ад спектакля становяцца яшчэ больш неадназначнымі.
Пастаноўка "Паляванне на сябе" — гісторыя неадназначная, але падыйдзе яна і тым, хто спрабуе шукаць новыя сэнсы, і тым, хто захоча пасмяяцца ад душы. Гэта сапраўды смешна. Так смешна, што становіцца страшна.
Чытайце таксама:
- Новы Шэкспір у Купалаўскім: IPhone замест папараць-кветкі і рэп па-беларуску
- Чаму спектакль "С училища" дае важкую аплявуху беларусам?
- "Ратуйце нашы душы": як Пушкін з Коласам у Мінску запальвалі