Беларуска заваявала медаль на юнацкай Алімпіядзе і засталася незадаволенай

У скарбонцы зборнай Беларусі ўжо сем медалёў - адно золата, тры срэбра і тры бронзы.
Sputnik

МІНСК, 16 кас - Sputnik. Беларуская лёгкаатлетка Лізавета Дорц выйграла срэбра ў штурханні ядра на III летніх Юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Буэнас-Айрэсе, паведамілі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце.

Дорц па суме дзвюх спроб набрала 35 метраў 13 сантыметраў: 12 кастрычніка яна штурхнула ядро на 17 метраў 60 сантыметраў, 15 кастрычніка адправіла снарад на 17 метраў 53 сантыметры.

Больш чым на паўтара метра беларуску апярэдзіла прадстаўніца Кітая Сіньхой Лі (36,75), бронзавую ўзнагароду заваявала спартсменка з ПАР Дэйн Рэтс (34,64).

"Вельмі незадаволеная вынікам, але шчаслівая, што ёсць медаль. Першы старт прайшоў яшчэ больш-менш, другі - жудасна. Разлічвала на больш высокі вынік, але не сабралася з думкамі і сіламі", - сказала Дорц.

17-гадовая лёгкаатлетка падзякавала ўсім за падтрымку.

Для Беларусі гэты медаль стаў сёмым на юнацкай Алімпіядзе: у скарбонцы адно золата, тры срэбра і тры бронзы.

Яшчэ два медалі - золата і бронзу - беларускія атлеты заваявалі ў складзе інтэрнацыянальных каманд.