МІНСК, 16 кас - Sputnik. Эксперты прагназуюць скарачэнне колькасці паломнікаў на Святую гару Афон пасля рашэння Маскоўскага патрыярхату разарваць еўхарыстычныя адносіны з Канстантынопальскай царквой.
15 кастрычніка Святы Сінод РПЦ, які засядаў у Мінску, цалкам разарваў адносіны з Канстантынопальскай царквой у адказ на рэабілітацыю Сінодам у Стамбуле лідараў украінскага расколу і на яго намаганні па стварэнні "адзінай памеснай царквы" ва Украіне. У адпаведнасці з пазіцыяй Маскоўскага патрыярхату, цяпер вернікам РПЦ забаронена ўдзельнічаць у царкоўных таінствах, якія здзяйсняюцца ў храмах на Афоне.
"Безумоўна, колькасць паломнікаў на Святую гару Афон пасля гэтых рашэнняў Маскоўскага патрыярхату скараціцца, але ў першую чаргу за кошт святароў", - такое меркаванне выказаў Sputnik у аўторак прадстаўнік беларускага тур-аператара, які працуе на гэтым напрамку.
Па словах суразмоўцы агенцтва, казаць пра тое, што гэты кірунак з Беларусі абваліцца цалкам, не прыходзіцца. "Безумоўна, нейкі працэнт адпадзе, але свецкія паломнікі, якія прывыклі да гэтага накірунку, наўрад ці адмовяцца. Бо для іх паездка на Афон гэта, як правіла, не прыняццё прычасця ў Свята-Панцеляймонаўскім манастыры, а знаёмства з манастырамі, падарожжа па Святой гары", - сказаў суразмоўца агенцтва.
Пры гэтым ён нагадаў, што на Святую гару Афон пускаюць толькі мужчын. Сярэднестатыстычны беларускі турыст-паломнік на Афон - гэта мужчына пасля 40 гадоў. "12 дзён на Афоне каштуюць прыкладна ад 460 да 800 еўра ў залежнасці ад таго, што ўключана ў тур", - удакладніў спецыяліст.
Паводле яго слоў, на Афон з Беларусі лётаюць, як правіла, у маі-верасні, штомесяц каля 100 мужчын. "Гэта агульная колькасць чалавек ад кляштараў і ад турфірмаў. Ёсць дата, калі паляціць самалёт па гэтым кірунку і турфірмы на гэтую дату прадаюць туры, а манастыры збіраюць паломнікаў. Як правіла, рэйс заўсёды выкуплены цалкам", - растлумачыў ён.
У сваю чаргу святары паведамілі, што разрыў еўхарыстычных адносін з Канстантынопалем, не азначае, што вернікам РПЦ нельга пакланяцца святыням на Афоне або прывозіць іх на кананічную тэрыторыю РПЦ. Акрамя гэтага, разрыў стасункаў з Канстантынопалем не закране прынясення Жыватворнага агню.