Прэмію Шэрмана за найлепшы мастацкі пераклад уручаць 25 кастрычніка

Сёлета на ўзнагароду прэтэндуюць беларускія пераклады з 15 моў свету.
Sputnik

МІНСК, 17 кас - Sputnik. Цырымонія ўручэння прэміі Шэрмана за найлепшы мастацкі пераклад адбудзецца 25 кастрычніка, паведамілі ў Беларускім ПЭН-Цэнтры.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаліся мастацкія кнігі, перакладзеныя на беларускую мову і выдадзеныя ў папяровым ці электронным выглядзе цягам 2017 года.

На прэмію было намінавана 32 кнігі, з якіх толькі шэсць увайшлі ў шорт-ліст:

  • Вера Бурлак з перакладам з англійскай мовы - Льюіс Кэрал "Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса"
  • Аляксей Знаткевіч з перакладам з англійскай мовы - Кен Кізі "Палёт над гняздом зязюлі"
  • Надзея Кандрусевіч з перакладам са шведскай мовы - Свэн Нурдквіст "Калядная каша", "Паляванне на ліса", "Пэтсан сумуе", "Фіндус з’язджае"
  • Ігар Крэбс з перакладам з нямецкай мовы - Г. А. Бюргер, Р. Э. Распэ "Прыгоды барона Мюнхгаўзэна"
  • Максім Мудроў з перакладам з албанскай мовы - Ісмаіль Кадарэ "Хроніка ў камені"
  • Васіль Сёмуха з перакладам з латышскай мовы - Аляксандр Чакс "Выбраныя вершы"

Цырымонія ўручэння пройдзе ў Літаратурным музеі імя Максіма Багдановіча.

Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар беларускага перакладчыка Карласа Шэрмана. У першы год лаўрэатам прэміі стаў Якуб Лапатка за пераклад з фінскай мовы эпасу "Калевала", у 2017 — Андрэй Хадановіч за пераклады з французскай мовы вершаў Шарля Бадлера.