ГРОДНА, 20 кас - Sputnik, Іна Грышук. Студэнтка ГрДУ Аляксандра Радковіч пасля прыезду ў Гродна Лукашэнкі стала адзінай у горадзе вучаніцай, у якой ёсць эксклюзіўная прэзідэнцкая асадка. Sputnik пагутарыў з уладальніцай эксклюзіўнага падарунка.
Радковіч была ўдзельніцай сустрэчы прэзідэнта з таленавітай моладдзю, якая праходзіла падчас афіцыйнага візіту кіраўніка дзяржавы ў Гродне 19 кастрычніка ў ГрДУ. Кадры, на якіх захаваны нечаканы падарунак ад першай асобы краіны, напярэдадні паказалі ўсе цэнтральныя тэлеканалы.
Як распавяла дзяўчына, усё выйшла зусім спантанна. Падчас завяршэння сустрэчы яна разам з аднакурснікамі ўручала прэзідэнту ад імя студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта падарунак - альбом ручной працы са знакамітымі асобамі, дзейнасць якіх звязана з Гродзеншчынай.
Калі рабяты ўручылі альбом, прэзідэнт зрабіў зваротны падарунак асабіста Аляксандры. Дзяўчына прызналася, што гэты жэст з боку кіраўніка дзяржавы стаў такім нечаканым і хвалюючым, што яна нават не можа даслоўна ўспомніць, што ёй сказаў Аляксандр Рыгоравіч. Падчас мерапрыемства, калі студэнты задавалі пытанні прэзідэнту, размова ішла на рускай мове. А пры ўручэнні альбома дзяўчына перайшла на беларускую мову, бо яна вучыцца на беларускай філалогіі.
"Калі я сказала: "Паважаны Аляксандр Рыгоравіч..." ён адразу заўсміхаўся і сказаў: "Ну нарэшце, на роднай мове" і пачаў мяне ўважліва слухаць. І пасля гэтага падарыў асадку, сказаў: "Тады гэты падарунак табе", - успамінае Аляксандра.
Калі дзяўчына адчыніла падарунак, аказалася, што ў футарале - пёравая асадка дарагога італьянскага брэнда. Прэзідэнцкая асадка пазалочана, на каўпачку можна ўбачыць гравіроўку беларускага герба, на самой ручцы - выява беларускага арнаменту. На пяры выгравіравана назва брэнда Montegrappa, кошт на вырабы якога могуць даходзіць да некалькіх тысяч долараў.
"Прачытала, што фірма, якая выпускае гэтыя ручкі працуе з 1912 года. Напэўна, мне дастаўся не толькі вельмі каштоўны, але і досыць дарагі сувенір", - прызналася дзяўчына.
На выхадных яна адправілася дадому ў родны Слонім, каб паказаць прэзідэнцкую асадку бацькам і сваякам. Пасля выпуску навін, родныя і сябры бясконца тэлефануюць і віншуюць яе. Як распарадзіцца эксклюзіўным падарункам, дзяўчына яшчэ не вырашыла.
"Лекцыі гэтай асадкай пісаць дакладна не буду. Спадзяюся, што яна прынясе мне поспех", - дадала Аляксандра.
Аляксандра Радковіч вучыцца на трэцім курсе філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы, пасля заканчэння ўніверсітэта хоча звязаць сваё жыццё з журналістыкай. Дзяўчына добра вучыцца, атрымлівае павышаную стыпендыю, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці ўніверсітэта, займаецца навуковай працай. У мінулым годзе Аляксандра Радковіч перамагла ў рэспубліканскім конкурсе "Студэнт года-2017".