Мітынг у памяць аб загінулых у Мінскім гета прайшоў на "Яме"

Зварот са словамі, што боль ад гэтай трагедыі не сціхае, накіраваў удзельнікам памятных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 75-й гадавіны знішчэння Мінскага гета, прэзідэнт Беларусі.
Sputnik

МІНСК, 22 кас - Sputnik. Мітынг памяці ахвяраў Халакосту прайшоў у панядзелак у мемарыяльным комплексе "Яма" ў Мінску. Мітынг прымеркаваны да 75-й гадавіны знішчэння Мінскага гета - аднаго з найбуйнейшых у Еўропе.

За два з невялікім гады праз Мінскае гета прайшлі каля 100 тысяч чалавек, большасць з іх загінулі. Сярод ахвяраў былі як мінскія яўрэі, так і дэпартаваныя з Заходняй Еўропы. Пакуль стваралася інфраструктура лагера "Трасцянец", яўрэяў з Аўстрыі, Германіі, Чэхіі сялілі ў Мінскім гета. Адсюль іх, таксама як і мясцовых яўрэяў, везлі на расстрэл ва ўрочышчы "Благаўшчына". Гэтым летам на растрэльным месцы адкрылі вялікі мемарыял. Але калі імёны дэпартаваных яўрэяў вядомыя, то памяць пра мінскіх яшчэ трэба будзе аднаўляць гісторыкам.

Мітынг у памяць аб загінулых у Мінскім гета прайшоў на "Яме"

Тры дні ў кастрычніку 1943 года доўжыўся апошні пагром у Мінскім гета, у выніку якога была знішчана большасць яго насельнікаў.

Памянуць загінулых і страшныя падзеі кастрычніка 1943 года на "Яму" прыйшлі былыя вязні, прадстаўнікі яўрэйскіх міжнародных арганізацый і грамадскіх аб'яднанняў, а таксама замежныя госці з Ізраіля, ЗША, краін Еўропы, дыпламаты.

Боль

Да ўдзельнікаў памятных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 75-й гадавіны знішчэння Мінскага гета, звярнуўся і прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, боль ад гэтай трагедыі не сціхае да гэтага часу.

"Гэта боль за старых, дзяцей, жанчын і мужчын, пазбаўленых жыцця толькі за іх паходжанне. Больш за 100 тысяч яўрэяў прайшлі тут праз сапраўднае пекла - голад, холад, зневажэнне і катаванні", - гаворыцца ў звароце прэзідэнта.

Лукашэнка таксама прыгадаў пра беларусаў, якія, рызыкуючы жыццём, ратавалі яўрэяў і былі ганараваныя пазней званнем "Праведнікаў народаў свету". На яго думку, у Беларусі вырасла пакаленне, якое памятае ўрокі гісторыі і беражэ свет. Гэта светаўспрыманне можа быць асабліва каштоўным у цяперашнія канфліктныя часы.

"Усім, хто сёння забыў, ці, да свайго шчасця, не ведаў гора вайны, мы не стомімся паўтараць: адзінае, за што мы павінны змагацца, - гэта жыццё чалавека. Толькі яно мае сэнс і каштоўнасць на Зямлі", - заявіў прэзідэнт.

Памятныя мерапрыемствы

Казаць пра трагічную гісторыю мінскіх яўрэяў будуць у панядзелак і ў МЗС Беларусі. Размова адбудзецца ў рамках міжнароднага круглага стала "Трагедыя Мінскага гета: памяць і ўрокі".

Мітынг у памяць аб загінулых у Мінскім гета прайшоў на "Яме"

Апроч гістарычных аспектаў, удзельнікі сустрэчы абмяркуюць таксама ролю дзяржаў і міжнароднай супольнасці ў барацьбе з сучаснымі праявамі неанацызму, расавай дыскрымінацыі, антысемітызму і звязанай з імі нецярпімасцю.

Мяркуецца, што ў гэтай сустрэчы прыме ўдзел Міністр аліі і інтэграцыі Дзяржавы Ізраіль Софа Ландвер, прадстаўнікі беларускіх дзяржаўных органаў, парламентарыі, навукоўцы, госці з Ізраіля, ЗША, Вялікабрытаніі, Расіі і іншых краін.

Увечары ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца вечар памяці, а ў Нацыянальным гістарычным музеі ў аўторак адкрыецца прымеркаваная да даты выстава "Па той бок жыцця: нямецкая акупацыя ў графіцы Меера Аксельрода".

Чытайце таксама: