"Так яшчэ ніхто не рабіў". Беларуска аб сваім выступе ў вышыванцы на пілоне

Палітолаг, спартсменка і бізнесвумэн - што яшчэ вядома пра беларуску, якая станцавала ў вышыванцы на вядомым расійскім тэлепраекце.
Sputnik

Беларуска Кацярына Пагрэбіцкая ўзарвала інтэрнэт сваім выступам у праекце "Танцы" на ТНТ: дзяўчына выканала нумар на пілоне ў традыцыйнай вышыванцы пад беларускамоўную песню Паліны Рэспублікі "Як ты".

Журы ацаніла выступ, і 23-гадовая мінчанка працягне ўдзел у праекце. У перапынку паміж здымкамі Кацярына расказала карэспандэнту Sputnik пра тое, як з'явілася ідэя нумара, ці цяжка адкрыць уласную танцавальную школу і як змагацца са стэрэатыпамі пра стрыптыз.

"Такога ажыятажу не чакала"

"Жаданне пайсці на шоу было даўно. Было цікава, як там усё ўладкавана, але я ўвесь час адкладвала. Калі паведаміла аб такой ідэі мужу і бацькам, яны падтрымалі і сказалі, што зрабіць гэта трэба было ўжо даўно", - распавяла Кацярына.

Дзяўчына кажа, што не была ўпэўненая ва ўласных сілах і ў тым, што з пілонам можна трапіць на танцавальны праект. Ідэя беларускага нумара ўзнікла цалкам выпадкова.

"Вырашыла, што родную краіну лепш за ўсё прадстаўляць на роднай мове. Песня падабалася так, што мурашкі па целе беглі, таму абрала менавіта яе. Разважаючы над нумарам, падумала, што будзе крута дапоўніць вобраз вышыванкай. На пілоне гэтага яшчэ ніхто не рабіў", - тлумачыць танцорка.

Дзяўчына кажа, што не чакала такога ажыятажу вакол свайго выступу.

"Я выступаю за тое, каб людзі прыходзілі да беларускай мовы і культуры не таму, што гэта модна, а таму, што ім хочацца развіваць родную мову і культуру. Хацелася б, каб беларуская мова ішла ад душы, толькі так яе можна перадаць наступным пакаленням", - перакананая Кацярына.

Бабуля плакала на першым выступе

Танцамі на пілоне Кацярына займаецца каля сямі гадоў. Да гэтага была спартыўная аэробіка і нават выступ за рэспубліканскую зборную. Па асабістых прычынах сферу дзейнасці прыйшлося змяніць. Так у яе жыцці з'явіліся танцы.

Са стэрэатыпамі аб тым, што танцы на пілоне - гэта стрыптыз прыходзіцца сутыкацца пастаянна, але навучылася не рэагаваць. Бацькі заўсёды падтрымлівалі гэтую ідэю, а бабуля плакала на першых выступах "ад таго, як прыгожа".

На пытанне аб выдатнай спартыўнай форме танцорка жартуе, што яна ведзьма. Але на самой справе ўсё больш празаічна: часам у зале Кацярына праводзіць па 8-10 гадзін.

"Так яшчэ ніхто не рабіў". Беларуска аб сваім выступе ў вышыванцы на пілоне

Па адукацыі Пагрэбіцкая палітолаг-юрыст. Дзяўчына скончыла Інстытут прадпрымальніцтва і парламентарызму і каля года прапрацавала па спецыяльнасці. Але потым зразумела, што не можа сядзець у офісе, і змяніла сферу дзейнасці: спачатку выкладала ў чужой школе, а год таму адкрыла ўласную.

"Я хацела стварыць утульнае месца, у першую чаргу, для сябе - другі дом. Акрамя таго, мне цяжка сядзець на месцы і ўвесь час патрэбна фізічная нагрузка", - распавядае яна.

"Шмат разоў хацелася кінуць заняткі танцамі, але я выдатна разумею, што ў офіс не змагу вярнуцца. Таму проста імкнуся перачакаць нялёгкія часы, бо гэтая праца прыносіць сапраўднае задавальненне", - тлумачыць танцорка.

Кацярына кажа, што ў перспектыве хацелася б, каб школа стала бізнесам, але цяпер танцы на пілоне не такія запатрабаваныя, як раней.

"Многія прыходзяць, каб палётаць, і не гатовыя падцягвацца і адціскацца. Дзяўчаты не разумеюць, што гэта вялікая праца, у якой будзе шмат болю і сінякоў", - кажа Кацярына.