Вулічны мастак П'ер Паола Спінацэ ператварае розныя сімвалы, якія ў горадзе малююць неанацысты. Лаянкі, розныя негатыўныя пасланні і свастыкі ён замалёўвае дэсертамі, садавінай і агароднінай.
"Я выкарыстоўваю зброю культуры і мастацтва, каб змагацца з праблемай, з якой сутыкаюся ў апошні час: крайне правыя, расісты і падобныя ім арганізацыі", - распавядае сам мастак.
Дарэчы, псеўданім Спінацэ - "Чыба" - з італьянскага азначае "ежа". Як адзначае стрыт-артыст, ежа - частка італьянскіх традыцый і культуры. Сваімі малюнкамі ён спрабуе згладзіць негатыў ад пасланняў нянавісці.
Чыба займаецца стрыт-артам ужо на працягу дзесяці гадоў, прычым ён ужо неаднаразова атрымліваў пагрозы ад нацыяналістаў. Аднак ён не плануе спыняць змагацца са свастыкамі.