Без васількоў, але з каханнем: якім будзе нацыянальны балет "Анастасія"

Перад стваральнікамі стаяла складаная задача - зрабіць балет непадобным на экранізацыю гісторыі пра легендарную Анастасію Слуцкую.
Sputnik

МІНСК, 26 кас - Sputnik. Страсці, бітвы і каханне чакаюць гледачоў на прэм'еры нацыянальнага балета "Анастасія", якая пройдзе 30 і 31 кастрычніка ў Вялікім тэатры Беларусі. Якой будзе першая балетная прэм'ера гэтага сезону, распавялі стваральнікі на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Як Вітаўт Літву напалохаў

Толькі не "Вітаўт"

Ідэя балета "Анастасія" з'явілася практычна адразу ж пасля таго, як папярэдні нацыянальны праект - "Вітаўт" - паўстаў на сцэне. Першыя рэпетыцыі пачаліся ў маі, актыўная праца - у жніўні. Такім чынам на стварэнне пастаноўкі спатрэбілася крыху больш за два месяцы.

Мастацкі кіраўнік Юры Траян упэўнены, што Вялікі тэатр павінен раз у пяць-шэсць гадоў прадстаўляць падобныя пастаноўкі.

"Гэта не вельмі папулярны прадукт, ён досыць складаны для пастаноўшчыкаў, але мы павінны гаварыць пра Беларусь", - падкрэсліў Траян.

Паводле яго слоў, галоўнай задачай было стварыць работу, не падобную на "Вітаўта", бо над абедзвюма пастаноўкамі працавала амаль адна і тая ж каманда.

"Я хацеў, каб было менш паказных баёў і як мага больш шчырых сітуацый. Подзвіг Анастасіі не можа здзейсніць чалавек, які вырас у цяплічных умовах", - падкрэсліў ён.

Мастацкі кіраўнік тэатра Валянцін Елізар'еў прызнаўся, што балет яшчэ не бачыў і ацэніць вынік толькі падчас генеральнай рэпетыцыі.

"Калі ён кране сэрца гледача, то гэта вялікая ўдача, калі не - гэта чарговы крок у патрэбным кірунку", - сказаў народны артыст Беларусі.

Ніякага кіно

Аўтар лібрэта і аўтар сцэнара знакамітага фільма аб Анастасіі Слуцкай Анатоль Дзялендзік прызнаўся, што для яго галоўнай задачай было зрабіць балет абсалютна непадобным на экранізацыю. Таму нават фінальная сцэна забойства хана ў пастаноўцы будзе іншай. Наколькі Дзялендзік справіўся з гэтай задачай, трэба будзе вырашаць гледачу.

Голы Тарзан і Зелянкоўская: ці ёсць эротыка ў беларускім кіно

У балеце пяць галоўных дзеючых асоб - Анастасія, Міхаіл Глінскі, Сямён Слуцкі, хан Ахмат і яго дачка Заіра. Вядучая партыя ў адным з саставаў - а ўсяго іх на дадзены момант тры - дасталася заслужанай артыстцы Беларусі Ірыне Яромкінай. Балерына перакананая, што яе Анастасія Слуцкая будзе кардынальна адрознівацца ад вобраза, які стварыла на экране Святлана Зелянкоўская.

У спектаклі таксама задзейнічаны вядучыя артысты балета Вялікага тэатра - Антон Краўчанка, Юрый Кавалёў, Марына Вежнавец, Такатошы Мачыяма і іншыя.

Васількоў не будзе

За сцэнаграфію балета адказвае лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Аляксандр Касцючэнка. Ён распавёў, што акрамя звыклых дэкарацый на сцэне будуць задзейнічаны тры праекцыйныя апараты. Частку дэкарацый ўпрыгожваюць лікі святых з полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.

Мастак-пастаноўшчык і аўтар касцюмаў Кацярына Булгакава дадала, што падчас працы вывучала матэрыялы XV-XVI стагоддзя і запэўніла, што ў стылізаваных касцюмах будзе адгадвацца эпоха. Гледачоў чакаюць вянкі, лірычныя празрыстыя белыя сукенкі і ніякіх васількоў.

"Васількі - гэта больш пра народныя танцы, а не пра балет", - упэўненая Булгакава.

Прымаць спектакль, акрамя спецыяльнай камісіі, будуць 500 рабочых Беларуськалія - генеральны прагон запланаваны на 28 кастрычніка.