Чыноўнікі адказалі на прэтэнзіі да новай сістэмы ацэнкі ЦТ

Казаць пра "завышэнні" балаў цяпер нельга - гаворка хутчэй ідзе пра тое, што больш не будзе іх "заніжэння", падкрэсліў дырэктар РІКВ.
Sputnik

МІНСК, 26 кас - Sputnik. Дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ) Юрый Міксюк распавёў пра новую сістэму ацэнкі цэнтралізаванага тэсціравання (ЦТ).

Вельмі дзіўныя балы. Што не так з новай сістэмай ацэнкі ЦТ?

Па новай сістэме цэнтралізаванае тэсціраванне будуць ацэньваць у 2019 годзе, аднак выкарыстоўваецца яна ўжо і на рэпетыцыйных тэстах. Пасля з'яўлення першых вынікаў методыка выклікала нараканні ў педагогаў: за некалькі вырашаных заданняў можна было атрымаць дастаткова высокія балы. На ўсе гэтыя прэтэнзіі адказаў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ) Юрый Міксюк.

Не завышэнне, а адсутнасць заніжэння

"У ранейшай сістэме чым больш абітурыентаў ведалі пэўны раздзел вучэбнай праграмы і, адпаведна, выконвалі тую ці іншую задачу - тым менш быў унёсак гэтых задач у выніковы бал. Кошт заданняў, з якімі справіліся 100% абітурыентаў, увогуле набліжаўся да нуля. І ў гэтым была пэўная хібнасць старой методыкі ацэньвання", - распавёў Міксюк у інтэрв'ю выданню "Настаўніцкая газета".

Па словах кіраўніка РІКВ, ранейшая методыка якасна ранжыравала добра падрыхтаваных абітурыентаў, аднак пры ацэнцы абітурыентаў сярэдняга і невысокага ўзроўню ведаў розніца была значнай.

"Цяпер заніжэння балаў з-за таго, што канкрэтнае заданне выканала вялікая колькасць абітурыентаў, не будзе. Балы налічваюцца за кожнае правільна зробленае заданне. Такім чынам, новая сістэма будзе не толькі эфектыўна ранжыраваць абітурыентаў, але і адлюстроўваць рэальны ўзровень іх ведаў", - упэўнены Міксюк.

Балы будуць не ніжэйшыя

Як падкрэсліў кіраўнік РІКВ, вынікі, разлічаныя па дзвюх методыках, у высокіх балах, амаль цалкам супадаюць.

Лайфхакі і пасткі ЦТ: паўторыце школьную праграму і будзьце пільныя

"А вось у ніжняй частцы шкалы ёсць істотныя разыходжанні. Новая методыка, дзе прымаюцца да ўвагі ўсе правільна выкананыя заданні, дазваляе больш дакладна ацаніць веды абітурыентаў і, адпаведна, ранжыраваць іх ва ўсім дыяпазоне 100-бальнай шкалы", - упэўнены Міксюк.

Балы, атрыманыя па новай методыцы, будуць не ніжэйшыя за тыя, якія былі б па старой, падкрэсліў кіраўнік РІКВ.

Таксама ў гэтым годзе спецыялісты параўноўвалі вынікі ЦТ, атрыманыя па новай методыцы, з вынікамі незалежных кантрольных работ. У выніках выпрабаванняў была адзначана значная карэляцыя.

"Гэта таксама сведчыць аб тым, што новая методыка карэктна і даволі дакладна вымярае веды абітурыентаў", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў падкрэсліў, што цяпер ЦТ - інструмент не толькі ранжыравання, але і дакладнага вымярэння ўзроўню ведаў абітурыентаў.