Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны: першыя вынікі і чаканні сённяшняга дня

Падпісаныя дамоўленасці беларуска-ўкраінскага форуму ўжо вылічаюцца мільёнамі долараў, сёння ў рамках форуму пройдзе сустрэча лідараў дзвюх краін.
Sputnik

МІНСК, 26 кас - Sputnik. Першы дзень Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Гомелі стаў чакана плённым. Сумы падпісаных кантрактаў набліжаюцца да 100 мільёнаў долараў, паведаміў журналістам у чацвер пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.

Вярнуць страчаныя пазіцыі

Рэальныя вынікі Форуму будуць падведзены сёння, у рамках сустрэчы двух прэзідэнтаў, яны і агучаць канчатковую лічбу падпісаных кантрактаў.

Аб неабходнасці павелічэння тавараабароту паміж краінамі-суседзямі гаварылася неаднаразова. Зараз у грашовым выражэнні тавараабарот складае прыкладна 5,5 мільярдаў долараў, але каб вярнуцца на пазіцыі 2013 года, яго неабходна павялічыць у два разы.

Вялікі патэнцыял для росту - развіццё супрацоўніцтва на ўзроўні рэгіёнаў. Тым больш што нямала буйных прадпрыемстваў, якім можа быць цікавая кааперацыя вытворчасці, знаходзяцца ў рэгіёнах. А каб не быць галаслоўнымі, адной з асноўных пляцовак Форуму рэгіёнаў стала выстава прамысловых тавараў прадпрыемстваў-флагманаў з абедзвюх краін. У ёй бяруць удзел 57 украінскіх і 89 беларускіх кампаній.

Сустрэча, якую чакаюць

У Форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Гомелі бяруць удзел больш як 800 дэлегатаў - гэта бізнесмены, прадстаўнікі прамысловых прадпрыемстваў, чыноўнікі розных узроўняў.

Але галоўнай падзеяй мерапрыемства павінна стаць сустрэча лідараў дзвюх краін, якая пройдзе на палях Форуму ў пятніцу.

У праграме сустрэчы прэзідэнтаў Украіны і Беларусі запланаваная гутарка "сам-насам" і ўдзел у асноўных мерапрыемствах Форуму, паведаміла прэс-служба беларускага прэзідэнта.

Асноўныя тэмы, якія закрануць на сустрэчы прэзідэнты - развіццё эканомікі, гандлю, узаемны рост інвестыцый. Чакаецца і падпісанне шэрагу дакументаў.