МІНСК, 26 кас - Sputnik. Народны артыст Расіі Мікалай Карачанцаў памёр сёння на 74 годзе жыцця, паведаміў сын акцёра.
На пачатку лістапада 2017 года жонка Карачанцава распавяла, што ў акцёра знайшлі пухліну ў лёгкім. Праведзенае даследаванне паказала, што пухліна злаякасная. Карачанцаў пачаў лячэнне ад раку, першыя працэдуры прайшлі ў снежні.
Развітанне з акцёрам пройдзе на сцэне тэатра Ленком, дата будзе названая дадаткова, паведаміў сын акцёра.
Акцёр тэатра і кіно, народны артыст Расіі Мікалай Пятровіч Карачанцаў нарадзіўся 27 кастрычніка 1944 года ў Маскве. Яго бацька быў мастаком-графікам, шмат гадоў прапрацаваў у часопісе "Огонек". Маці Карачанцава - балетмайстар-пастаноўшчык, а сын гэтай творчай сям'і запомніўся ўсяму Савецкаму Саюзу дзякуючы ролям у кіно і тэатры "Ленком", дзе прапрацаваў сорак гадоў.
Падчас навучання ў 10-м класе спартыўнай школы, Мікалай Карачанцаў пачаў займацца ў студыі самадзейнасці для школьнікаў пры Цэнтральным дзіцячым тэатры. У студыі ён адыграў сваю першую ролю ў спектаклі "Фігаро". Тады ж Мікалай Карачанцаў вырашыў стаць прафесійным акцёрам.
Мікалай Карачанцаў пачынаў як выканаўца роляў маладых, дынамічных герояў. Ён сыграў Шурку Басаргіна ў фільме "Дым айчыны" па Канстанціну Сіманаву, Карабанава ў "Каланістах" паводле Антона Макаранкі, салдата ў фільме "Бывай, зброя!", які быў зняты па кнізе Эрнэста Хэмінгуэя.
А дзякуючы ролі Ціля Уленшпігеля пра Карачанцава даведаліся як пра акцёра, які можа быць і спеваком, мімам і акрабатам.
Вядомасць Карачанцаву прынёс спектакль "Зорка і смерць Хаакіна Мур'еты", не меншы поспех прынесла і рок-опера "Юнона і Авось", дзе ён іграў графа Разанава. Гэты спектакль з удзелам Карачанцава ішоў на сцэне тэатра больш за 20 гадоў і заўсёды збіраў аншлагі.
Каго толькі не іграў Карачанцаў у тэатры, сярод роляў і Кот Базіліа, і Міша Зямцоў, і шэкспіраўскі Лаэрт.
У кіно Мікалай Карачанцаў пачаў здымацца з 1967 года. За сваю кар'еру акцёр зняўся больш чым у 100 фільмах. Усе памятаюць яго ў "Сабаке на сене" і ў дзіцячай карціне "Прыгоды Электроніка", памятаюць у фільме "Чалавек з бульвара Капуцынаў". У карцінах усе каскадзёрскія трукі Мікалай
Карачанцаў заўсёды выконваў сам, без дублёраў.
Яго голасам размаўляў з гледачом французскі акцёр Жан Поль Бельмандо. Акцёр агучваў і многія мультфільмы, шмат працаваў на тэлебачанні і радыё.
У 2007 годзе на Алеі кіназорак, размешчанай насупраць кінастудыі "Масфільм", з'явілася імянная пліта са следам рукі Мікалая Карачанцава.