Паўсюль каханне: што не так з беларускім нацыянальным балетам "Анастасія"?

Карэспандэнт Sputnik Шаршнёва Алеся разважае пра фемінізм і васількі і спадзяецца, што першае ўражанне заўсёды зманлівае.
Sputnik

Першая балетная прэм'ера новага сезона ў Вялікім тэатры - "Анастасія" - стала аб'ектам абмеркавання задоўга да свайго з'яўлення на сцэне. Не жартачкі, трэці па ліку нацыянальны праект. Папярэдні - балет "Вітаўт" - нарабіў шмат шуму падчас гастроляў у нашых суседзяў, а працавала над ім практычна тая ж каманда.

Як Вітаўт Літву напалохаў

Акрамя таго, перад стваральнікамі стаяла складаная задача - зрабіць пастаноўку непадобнай на айчынную экранізацыю эпізоду з жыцця Анастасіі Слуцкай.

Вялікае пытанне

Гісторыя княгіні Анастасіі Слуцкай больш-менш знаёмая беларусам, таму не можа быць і гаворкі пра тое, каб спрабаваць здзівіць гледача сюжэтнай лініяй. Так нават лепш: можна не адцягваючы ўвагі атрымаць асалоду ад працы прафесійнай каманды Вялікага тэатра і яе творчага пераасэнсавання гістарычных фактаў.

Мастацкі кіраўнік і харэограф Юрый Траян упэўнены, што кожныя пяць-шэсць гадоў у нашай краіне павінны з'яўляцца падобныя праекты. Фактура складаная для пастаноўшчыкаў, але з ёй трэба працаваць, каб гаварыць пра Беларусь і гераічныя старонкі яе гісторыі.

Спрачацца з гэтым цяжка, але ўзнікае пытанне: у якім ключы павінна адбывацца гутарка з гледачом, каб дасягнуць належнага эфекту? У дадзеным выпадку акрамя эстэтычнай асалоды гаворка ідзе пра ўзнікненне пачуцця гонару за сваю краіну. Як бы пафасна гэта не гучала.

Паўсюль каханне: што не так з беларускім нацыянальным балетам "Анастасія"?

Выніковы прадукт атрымаўся яркім, як і ўсё, што робяць артысты Вялікага. Ці можна яго назваць нацыянальным, і ці будзе ён вядомым і любімым публікай, пакажа час.

Аўтар лібрэта і аўтар сцэнара знакамітага фільма аб Анастасіі Слуцкай Анатоль Дзялендзік не хаваў, што перад ім стаяла задача - зрабіць балет непадобным да кінапапярэдніка. Можна са стоадсоткавай упэўненасцю казаць, што як бы не склаўся лёс пастаноўкі, яна ўжо атрымала сваю веху ў айчынным мастацтве.

Анастасія ў касцюме лебедзя

На балеце, як і ў пластычным тэатры, касцюмы і дэкарацыі маюць значна большую ролю чым у класічных тэатральных пастаноўках. Тое, што нельга выказаць пры дапамозе сілы слова, даводзіцца маляваць музыкай, фарбамі цела, дэкарацый і касцюмаў. І калі першым двум пунктам хочацца паставіць "ідэальна" і апладзіраваць стоячы, то астатнія варта растлумачыць.

За сцэнаграфію балета "Анастасія" адказваў галоўны мастак тэатра Аляксандр Касцючэнка. Галоўная "фішка" ўбрання сцэны - дакладныя копіі лікаў святых, запазычаныя са сценаў Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Такое "назіранне" за тым, што адбываецца на сцэне - тонкі ход, нябачная сувязь пакаленняў і, мабыць, адзіны нацыянальны маячок, які атрымаўся ў мастакоў-пастаноўшчыкаў.

Касцюмы і дэкарацыі прыгожыя і нават казачныя, але, калі ацэньваць толькі іх, пастаноўку хочацца аднесці да рускага народнага фальклора, такога як савецкія казкі Аляксандра Роу.

Мастак-пастаноўшчык і аўтар касцюмаў Кацярына Булгакава, на прэс-канферэнцыі, якая папярэднічала прэм'еры, заявіла, што васількоў гледачам чакаць не варта. Маўляў, васількі - гэта больш пра народныя танцы, чым пра балет, заявіла яна. Можна пагадзіцца ці паспрачацца, але ў выніку атрымліваецца, што калі на сцэне з'яўляюцца воіны, у іх касцюмах лёгка можна пазнаць татараў, тады як са з'яўленнем Анастасіі ў сукенцы а-ля "белы лебедзь" у галаве ўзнікае толькі пытанне: а што ў ёй беларускага?

Паўсюль каханне: што не так з беларускім нацыянальным балетам "Анастасія"?

Вось і атрымліваецца, што ў плане касцюмаў, балет "Анастасія" - гэта выдатная спроба разбурыць стэрэатып аб тым, што беларуская культура - гэта трасянка і вышыванка, але ніякай альтэрнатывы стваральнікі гледачу не прапанавалі.

Ледзь улоўны флёр беларускай культуры прамільгнуў з надыходам сцэнічнай зімы, але хутка знік пад націскам яркіх строяў татар.

Феміністкі галосяць

Яшчэ адзін спрэчны момант - любоўная лінія балета. Стваральнікі абяцалі гледачам "страсці, бітвы і каханне", але ў вочы кідаецца толькі трэцці пачуццёвы складнік пастаноўкі.

Гісторыя Анастасіі Слуцкай можа стаць выдатнай асновай для выхавання патрыятызму не толькі ў дзяцей, але і ў дарослых. Не жартачкі, слабая жанчына павяла за сабой цэлы горад і змагла перамагчы шматлікае татарскае войска.

Анастасія - той самы прыклад сілы духу і мужнасці, гэтакая народная гераіня. Тым больш дзіўнай здаецца перавага менавіта любоўнай лініі ў спектаклі. Атрымліваецца, што распавесці гісторыю моцнай жанчыны можна выключна праз каханне? У такім выпадку становіцца крыўдна нават тым, хто не належыць да папулярнай сёння суполкі феміністак.

Сцэна забойства хана здаецца змазанай, але ж, па сутнасці, гэты эпізод з'яўляецца ключавым, хоць і выдуманым, у гісторыі гераічнай Анастасіі. Магчыма, разгадку можна знайсці ў словах Юрыя Траяна, які ў размове з журналістамі падкрэсліваў, што хоча, каб "у балеце было менш паказных баёў і больш шчырых сітуацый". Гэта, па словах знакамітага харэографа, дазволіць паказаць, што такія людзі як Анастасія не вырастаюць у цяплічных умовах.

На справе ж, беларуская Жанна д'Арк у балеце выглядае безабароннай жанчынай, якой проста пашанцавала забіць хана і выйсці жывой з цяжкага пераплёту. Ёсць адчуванне, што не хапіла тых самых паказных баёў. Занадта шмат кахання ў гісторыі пра гераізм, занадта мала мужнасці ў балеце пра моцную жанчыну.

Так шмат, што ў якасці постскрыптума ў галаве гучыць звыклы матыў з фільма пачатку 90-ых аб невялікім каліфарнійскім гарадку і яго жыхарах.