МІНСК, 29 каст - Sputnik. Арына Сабаленка пакінула за сабой 12-е месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA), абноўленыя дадзеныя былі апублікаваныя 29 кастрычніка 2018 года.
Беларуска на мінулым тыдні не гуляла і ў яе актыве па-ранейшаму 3 145 ачкоў.
Тройка лідараў рэйтынгу WTA па-ранейшаму тая ж: на першым месцы знаходзіцца румынка Сімона Халеп, за ёй ідуць Анжаліка Кербер (2-е месца) і датчанка Каралін Вазняцкі (3-е месца).
У топ-30 таксама ўваходзіць беларуская спартсменка Аляксандра Сасновіч - яна з 1 570 баламі размясцілася на 30-м радку. Вікторыя Азаранка заняла 52-е месца (1 051 ачко), Вера Лапко - 65-е (896 балаў).
Раней Сабаленка, якая паказала ўражлівыя вынікі ў бягучым сезоне, атрымала прыз у намінацыі "Навічок года" па версіі WTA. Акрамя таго, яе прызналі лепшай тэнісісткай свету ў верасні. Па дадзеных асацыяцыі, дзякуючы паспяховым выступам на корце беларуска ў гэтым годзе здолела зарабіць 1,72 мільёна долараў ЗША.
На гэтым тыдні Сабаленка мае намер прыняць удзел у турніры WTA Elite Trophy, які пройдзе ў Чжухае (Кітай). Прызавы фонд турніру складае 2,3 мільёна долараў.