ГРОДНА, 3 ліс - Sputnik, Іна Грышук. Другая пешаходная вуліца зусім хутка з'явіцца ў Гродне - зачыніць рух транспарту плануюць па вуліцы Замкавай, паведаміў мэр абласнога цэнтра Мечыслаў Гой на абмеркаванні экалагічнага дакладу гарадскога генплана.
Вуліца Замкавая вядзе ад плошчы Савецкай да Новага і Старога замкаў. Па ёй пралягае шмат турыстычных маршрутаў, шпацыруе шмат турыстаў і гараджан. Але цяпер гэтая вуліца ў буднія дні больш нагадвае стаянку машын.
Як паведаміў Мечыслаў Гой, калі вуліца Замкавая стане пешаходнай, праезд аўтатранспарту сюды будзе зачынены, уезд будзе дазволены толькі спецыяльнаму транспарту і машынам жыхароў.
Вуліца Замкавая з'яўляецца адной з самых старых у Гродне і практычна адзінай, якая за шмат вякоў не змяніла сваёй назвы. Яна стане другой пешаходнай вуліцай у абласным цэнтры пасьля вуліцы Савецкай.
У апошнія некалькі гадоў тут адкрылася некалькі кавярняў, у якіх любіць праводзіць час моладзь, а вуліца пачала ператварацца ў папулярнае месца адпачынку. У наступным годзе на месцы невялікага сквера за будынкам былога Палаца тэкстыльшчыкаў пачнуць будаваць гандлёва-офісны цэнтр з кафэ і рэстаранамі, які стане копіяй разбуранага ў савецкі час Дома рыбака - найбольш каштоўнай пабудовы дадзенага квартала, які датаваўся XVI-XVII стагоддзем.