Рашэнне стваральнікі фільма прынялі ў сувязі са зменай правілаў адбору кінастужак для ўдзелу ў Нацыянальным конкурсе кінафестывалю. Раней сваю карціну "Перазімаваць" таксама адклікала з конкурсу рэжысёр Ева-Кацярына Махава.
Акрамя таго, Кірыл Галіцкі і Святлана Казлоўская размясцілі ў сацыяльнай сетцы відэа-зварот да калег-кінематаграфістаў з заклікам альбо таксама адклікаць свае фільмы, альбо пракаментаваць сваю пазіцыю, калі фільмы ўсё ж застануцца ў конкурсе. Прамаўчаць ў сітуацыі, якая склалася - не выйсце, перакананыя суразмоўцы Sputnik.
"Наша мэта не адкліканне працы, а голас. Мы хочам чуць голас аўтараў. Новы прынцып, па якім на гэты фестываль адбіраліся працы, быў абвешчаны постфактум. Гэта не значыць, што ўмовы не могуць быць зменены. Але мяркуецца, што вас праінфарміруюць аб тым, што ўмовы будуць іншымі. І зусім іншая сітуацыя, калі вам спачатку абвяшчаюць вынік, а потым кажуць, што судзілі па іншых правілах", - кажа Галіцкі.
"Работы, якія засталіся па-за конкурсам - цяпер як тлумачыць, хто іх не прапусціў? Арганізатары фестывалю або апошняя камісія Міністэрства культуры? І гэтая дваістасць - куды яна вядзе? Удзельнікі конкурсу пастаўленыя ў няпростую сітуацыю... Тут важна параўнаць з умовамі міжнароднага конкурсу, які застаўся пры ранейшым судзействе. А для нацыянальнай праграмы ў нас чамусьці з'явіўся гэты фільтр. Чаму?" - задаецца пытаннем Казлоўская.
"Мы не змагаемся з фэстам. Мы выкарыстоўваем фестываль як пляцоўку для выказвання. У кінематаграфістаў не так шмат спосабаў выказаць сваё меркаванне, застаючыся ў прафесійным полі. Мы можам выказвацца сваімі працамі - паказам або непаказом, і ў дадзеным выпадку непаказ - проста больш эфектыўны інструмент", - адзначае Галіцкі.
"Наш выступ і іншых удзельнікаў, магчыма, стане аргументам для размовы", -дадае Казлоўская, маючы на ўвазе не толькі кінафестываль "Лістапад", але і ўсю беларускую кінаіндустрыю ў цэлым.
У гэтым годзе кінафестываль праходзіць у 25-ы раз, ён будзе доўжыцца да 9 лістапада. У рамках нацыянальнага конкурсу можна ўбачыць шэсць гульнявых фільмаў і сем дакументальных стужак беларускіх рэжысёраў, а таксама пяць анімацыйных фільмаў.
Поўную версію размовы з рэжысёрамі Кірылам Галіцкім і Святланай Казлоўскай ў студыі радыё Sputnik Беларусь глядзіце на відэа.