МІНСК, 5 ліс - Sputnik. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка заняла 11-е месца ў сусветным рэйтынгу, перадае Sputnik.
Яшчэ тыдзень таму Сабаленка займала 12-ы радок рэйтынгу WTA, але пасля спаборніцтваў у кітайскім горадзе Чжухай ёй удалося падняцца на пазіцыю вышэй, нягледзячы на не самы ўдалы выступ: беларуска не змагла прайсці ў паўфінал Малога выніковага турніру WTA, пацярпеўшы паразу ад французскай тэнісісткі Каралін Гарсіі.
Да гэтага Сабаленка стала "Пачаткоўцам года" па версіі WTA. У пачатку кастрычніка яе кандыдатуру вылучылі на атрыманне гэтага прыза нароўні з амерыканкамі Даніэль Колінз, Амандай Анісімавай і Соф'яй Кенін, а таксама румынскай тэнісісткай Міхаэлай Бузарнэску.
Беларуска Аляксандра Сасновіч па-ранейшаму займае 30-ы радок абноўленага сусветнага рэйтынгу, былая першая ракетка свету Вікторыя Азаранка знаходзіцца на 51-м месцы, Вера Лапко знаходзіцца на 65-й пазіцыі.
Першай ракеткай свету ўсё так жа застаецца румынская тэнісістка Сымона Халеп, другі радок займае немка Ангеліка Кербер, трэцяй стала датчанка Каралін Вазняцкі. Пераможца Малога выніковага турніру ў Чжухае аўстралійская тэнісістка Эшлі Барці паднялася з 19-й на 15-ю пазіцыю.