МІНСК, 12 ліс - Sputnik. Хакейнае "Дынама-Мінск" правядзе сёння ў КХЛ першы паядынак пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнера каманды Андрэя Сідарэнкі, паведамляе Sputnik.
Пасля правальнага старту ў новым сезоне КХЛ кіраўніцтва клуба на мінулым тыдні прыняло рашэнне расстацца з усім трэнерскім штабам на чале з канадскім спецыялістам Гордзі Дуайерам. Яго месца заняў рулявы нацыянальнай зборнай Беларусі Андрэй Сідарэнка.
Сёння на "Чыжоўка-Арэне" сталічная дружына адкрые новую хатнюю серыю цяперашняй "рэгуляркі" матчам супраць чалябінскага "Аўтамабіліста".
Стартавая сірэна прагучыць у 19:30 (па мінскім часе).
Напярэдадні гендырэктар "Дынама-Мінск" Дзмітрый Баскаў прадставіў новага галаўкама хакеістам. Пасля занятку Сідарэнка прызнаўся, што часу, каб арганізаваць каманду, амаль няма, але ён будзе імкнуцца зрабіць немагчымае.
"Чакаю гульню з нецярпеннем. Хочам падрыхтавацца да матчу найлепшым чынам. Паўтаруся, уносім пэўныя карэктывы, хоць за такі кароткі тэрмін не разлічвайце на маштабныя змены", - прыводзіць словы Сідарэнкі прэс-служба клуба.
Спецыяліст дадаў, што сённяшні супернік мае дастатковую колькасць майстроў. "Аднак будзем гуляць толькі на перамогу", - сказаў ён.
Нагадаем, пасля 25 матчаў "бела-сінія" з 16 ачкамі замыкаюць турнірную табліцу Заходняй канферэнцыі. Ад зоны плэй-оф каманду аддзяляюць сем балаў.
Чытайце таксама:
- Галоўнага трэнера ХК "Дынама-Мінск" Гордзі Дуайера звольнілі
- Стронгін і Васільеў: будучыня ХК "Дынама-Мінск" - які хакей нам патрэбен?
- Хакеістам мінскага "Дынама" паказалі, што іх чакае пасля заканчэння кар'еры