Гоначныя МАЗы адправіліся ў Паўднёвую Амерыку на "Дакар"

Каманды заўсёды адпраўляюць свае машыны нашмат раней, бо шлях іх даўжэйшы за шлях саміх гоншчыкаў.
Sputnik

МІНСК, 17 ліс - Sputnik. Гоначныя машыны беларускай каманды "МАЗ-СПОРТаўта" адправіліся ў Паўднёвую Амерыку, дзе на пачатку наступнага года стартуе ралі-рэйд "Дакар-2019", паведаміла прэс-служба каманды.

МАЗы, уключаючы тры баявыя грузавікі і машыны тэхпадтрымкі, сваім ходам даедуць да порта Гаўр у Францыі, адкуль на паромах іх павязуць на паўднёваамерыканскі кантынент. Да кропкі прызначэння яны дабяруцца напрыканцы снежня. Шлях машын нашмат даўжэйшы, чым каманды, таму іх заўсёды адпраўляюць загадзя.

Каманда вырашыла захаваць склад, у якім яна выступала на папярэднім "Дакары", што стаў самым лепшым за ўсю яе гісторыю. Лідар "чырвоных зуброў" Сяргей Вязовіч паедзе разам са штурманам Паўлам Гараніным і механікам Андрэем Жыгуліным. Два іншых экіпажы таксама не змяніліся - другі каміён павядзе Аляксей Вішнеўскі з Максімам Новікавым і Андрэем Невяровічам. Аляксандр Васілеўскі выступіць разам з Дзмітрыем Віхрэнкам і Антонам Запарошчанкам.

"Беларускія гоншчыкі накіраваныя на прызавыя месцы. Пасля срэбра на праведзеным "Дакары" і чэмпіёнскага тытула на Turkmen Desert Race ад іх чакаюць высокіх вынікаў", - падкрэслілі ў камандзе.

Гоначныя МАЗы адправіліся ў Паўднёвую Амерыку на "Дакар"

МАЗаўцам, як звычайна, прыйдзецца спаборнічаць з наймацнейшымі ралістамі планеты, уключаючы і расіян з "КАМАЗ-МАЙСТАР".

Ралі-рэйд "Дакар-2019" стартуе 6 студзеня ў сталіцы Перу - Ліме. Праз 11 дзён  там жа адбудзецца і фініш адной з самых складаных гонак планеты. У камандзе адзначылі, што больш за палову маршруту пракладзена праз выдмы і пяшчанікі. Гонка будзе адрознівацца ад папярэдніх адсутнасцю высакагорных участкаў.