Больш за 400 рэдкіх карт увайшлі ў Вялікі гістарычны атлас Беларусі

Навукоўцы працавалі над унікальным выданнем больш за 10 гадоў.
Sputnik

МІНСК, 21 ліс - Sputnik. Больш за 400 рэдкіх карт уключана ў Вялікі гістарычны атлас Беларусі. Прэзентацыя выдання адбылася сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навукоўцы рыхтавалі чатырохтомнік больш за 10 гадоў. У выніку атрымалася самае поўнае картаграфічнае выданне, прысвечанае гістарычнаму мінуламу краіны ад старажытнасці да сучаснасці.

Больш за 400 рэдкіх карт увайшлі ў Вялікі гістарычны атлас Беларусі

У стварэнні ўнікальнага выдання ўдзельнічалі спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, БДУ і Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі.

"Выданне гэтага атласа – сапраўды знакавая падзея для беларускага грамадства. Падрыхтаваць грамадска значны, інавацыйны праект дазволіла творчае супрацоўніцтва вучоных і вытворцаў, ён годна і яскрава раскрывае глыбокую гісторыю беларускага народа", - падкрэсліў старшыня прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў.

Па словах стваральнікаў, выданне было падтырхтавана выключна за сродкі РУП "Белкартаграфія" Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.

"Гэта сапраўды ўнікальнае выданне, аналагаў якога няма ў СНД. Над ім працаваў калектыў прафесіяналаў: лепшыя гісторыкі, архівісты і картографы. Многія карты створаныя ўпершыню. На падставе гэтага атласа нашы нашчадкі змогуць дапісваць на карты новую гісторыю суверэннай Беларусі", - падкрэсліў старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэй Гаеў.

Першы том Атласа ўбачыў свет у 2009 годзе. Ён прысвечаны самаму ранняму перыяду – ад з’яўлення першабытнага чалавека да 1569 года, калі ў выніку Люблінскай уніі беларускія землі былі ўключаны ў склад Рэчы Паспалітай. У гэтай частцы можна знайсці карты асобных рэгіёнаў, планы гарадоў, схемы баёў, вялікую Генеральную карту і рэпрадукцыі старажытных картаў.

Больш за 400 рэдкіх карт увайшлі ў Вялікі гістарычны атлас Беларусі

Другі том з’явіўся ў 2012 годзе. Ён распавядае аб гісторыі беларускіх земляў у перыяд існавання Рэчы Паспалітай. Тут можна знайсці інфармацыю аб ваенна-палітычных падзеях, эканамічных, рэлігійных і культурных працэсах. Перліна калекцыі – генеральная карта, на якой пазначаныя беларускія землі напрыканцы XVIII стагоддзя. Акрамя пасяленняў на ёй можна ўбачыць межы асобных маёнткаў і імёны іх уладальнікаў.

Трэці том быў выдадзены ў 2015 годзе і прысвечаны перыяду, калі беларускія землі былі ў складзе Расійскай імперыі. Храналогія ахоплівае першы падзел Рэчы Паспалітай у 1772 годзе і Лютаўскую рэвалюцыю 1917 года. Тут у якасці генеральнай карты выкарыстана "Спецыяльная карта Еўрапейскай Расіі" 1915 года выдання, больш вядомая як "карта Стральбіцкага".

Заключнай кропкай працы стаў чацвёрты том, які з’явіўся ў кастрычніку 2018 года. У ім адлюстроўваецца перыяд ад Лютаўскай рэвалюцыі да сучаснасці.

Некалькі экземпляраў атласа будуць знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, поўны збор тамоў таксама перададзены ў падарунак беларускаму лідару Аляксандру Лукашэнку.