Відэа

Дзясяткі танцораў сабраліся на фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску

Віцебск прымае XXXI Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC). Як прайшло адкрыццё IFMC глядзіце на відэа.
Sputnik

На першы адборачны этап конкурсу было прадстаўлена 99 твораў ад 63 прэтэндэнтаў з Арменіі, Кітая, Японіі, Італіі, Малдовы, Расіі, Беларусі, Украіны і іншых краін. У выніку журы адабрала 39 пастановак ад 33 калектываў, якія на працягу некалькіх дзён будуць змагацца за права выхаду ў фінал. Гран-пры конкурсу складае 5700 долараў.

"Так яшчэ ніхто не рабіў". Беларуска аб сваім выступе ў вышыванцы на пілоне

"Фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску - гэта унікальная з'ява ў культурным жыцці Беларусі. Калі ён упершыню прайшоў у 1987 годзе, гэта быў інавацыйны праект, як цяпер модна казаць, але ён меў вялікую перспектыву. Зараз IFMC звяраюць гадзіннікі ў галіне харэаграфіі не толькі ў нас у краіне, але і ва ўсім свеце", - сказаў на адкрыцці фестывалю міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар.

У гэтым годзе акрамя конкурснай праграмы на фестывалі прадстаўлены выставы фатаграфій і скульптур. У рамках мерапрыемства жыхары абласнога цэнтра і яго госці змогуць паглядзець некалькі пастановак вядомага Пермскага тэатра "Балет Яўгена Панфілава", "Уверцюры Расіні" італьянскага тэатра Spellbound contemporary ballet і балет "Спячая прыгажуня" ад "Кіеў мадэрн-балет".

Швейцарская каманда Joshua monten company прадставіла на адкрыцці фестывалю танцавальны перфоманс "Маленькая радасць", які быў "натхнёны сцэнічнай баявой харэаграфіяй, фарсам і гукавымі эфектамі фолі".

Акрамя таго, у дзень адкрыцця гледачам паказалі спектакль без слоў "Калігула", які прывёз Маскоўскі губернскі тэатр Сяргея Бязрукава.

Падчас адкрыцця, у канцэртнай зале "Віцебск", дзе праходзіць асноўная праграма фестывалю, было шматлюдна. Па словах некаторых гледачоў, якія прыйшлі ў першы дзень фестывалю: "IFMC - лепшае, што ў нас ёсць".