МІНСК, 26 ліс - Sputnik. Міністэрства аховы здароўя Беларусі не прагназуе сур'ёзнай эпідэміі грыпу ў гэтым сезоне, заявіў у эфіры тэлеканала АНТ кіраўнік ведамства Валерый Малашка.
Кампанія па вакцынацыі насельніцтва ад грыпу працягваецца ў Беларусі. Як заявіў Малашка, ён не сумняваецца ў тым, што аптымальныя лічбы па прышчэпках будуць дасягнуты. Зрэшты, сур'ёзнай эпідэміі ў гэтым годзе Міністэрства аховы здароўя і не чакае.
Нягледзячы на адсутнасць сур'ёзнай пагрозы эпідэміі грыпу, да ўсплёску захворвання ў рэспубліцы ўсе гатовыя - у тым ліку і аптэкі.
"Фармацэўтычныя сеткі - як дзяржаўнай сістэмы фармацыі, так і прыватныя - гатовыя. У іх дастаткова лекавых прэпаратаў, якія зарэзерваваны на выпадак сур'ёзных уздымаў захворвання і наяўнасці ўскладненняў", - падкрэсліў Малашка.
Уздым захворвання на грып у рэспубліцы чакаецца ў традыцыйны перыяд: канец студзеня - пачатак лютага. Цэны на лекі, паабяцаў Малашка, у аптэках у "пікавы сезон" вырастаць не будуць - іх кантралююць улады.
Эксперты прагназуюць сярэдні ўзровень актыўнасці грыпу ў рэгіёне гэтай зімой. У Беларусі ж сур'ёзнага ўсплёску захворвання на грып не назіралася ўжо некалькі гадоў.